Старонка:Айвенго (1934).pdf/200

Гэта старонка не была вычытаная

— Не, жывы, — адказаў храмоўнік холадна, — жывы, покуль; але каб у яго на плечах была тая бычачая галава, якая намалявана на шчыце і каб яна была хоць у дзесяць радоў закавана ў жалеза, яму-б усё-такі не ўтрымацца супроць гэтай фатальнай сякеры. Яшчэ некалькі гадзін — і Фрон дэ-Бёф адправіцца да праайцоў. Магутнага памочніка страціў у ім прынц Іоан!

— За тое чорту вялікі прыбытак, — заўважыў дэ-Брасі.

—Ну, як з твайго боку змагаліся гэтыя іëмены?

— Як д’яблы, — адказаў дэ-Брасі. — Яны шчыльным натоўпам падступілі да сцен, пад кіраўніцтвам ледзь не таго самага шальмяца, які выйграў прыз у стральбе з лука: я пазнаў яго рог і перавязь. Калі б не было на мне непранікальнай броні, гэты нягоднік сем раз падстрэліў-бы мяне гэтак-жа спакойна, як дужага аленя. У кожную злітоўку майго панцыра ён пападаў даўжэзнай стралой, абмацваючы мае рэбры, быццам у мяне косці жалезныя. І добра, што я дадумаўся надзець пад панцыр іспанскую кальчугу; калі-б не гэта перасцярога, мне-б не мінуць ліха.

— Але вы ўсё-такі ўтрымалі за сабою пазіцыю? — сказаў храмоўнік. — Мы сваю вежу прайгралі.

— Гэта сур’ёзная страта, — сказаў дэ-Брасі. — Пад прыкрыццём вежы яны цяпер падступілі да замка значна бліжэй. Нас так мала, што няма магчымасці абараняць кожны пункт. Вось і Фрон дэ-Бёф пры-смерці, значыцца няма чаго чакаць дапамогі ад яго бычачае галавы і конскае сілы. Як вы мяркуеце, сэр Брыян, ці не скарыцца неабходнасці, і ці не памірыцца з гэтымі агіднікамі, выдаўшы ім палонных?

— Што, — усклікнуў храмоўнік, — выдаць нашых палонных? Гэта значыць выставіць сябе перад усімі на смех, асароміцца на ўвесь свет? Скажуць — добрыя рыцары! Змаглі начным часам напасці на безабаронных праезджых і ўзяць іх у палон, а сярод белага дня не змаглі абараніць моцны замак, абараніць яго супроць натоўпу нейкіх валацуг, з свінапасамі і блазнамі замест правадыроў! Саромцеся так раіць, Морыс дэ-Брасі! Няхай лепш рухне гэты замак і пад яго руінамі загіне маё цела і схавае маю ганьбу, а на такую ганебную згоду я ні за што не згаджуся.