Старонка:Айвенго (1934).pdf/201

Гэта старонка не была вычытаная

— Дык пойдзем абараняць сцены, — прагаварыў дэ-Брасі бесклапотна.

— Па мясцах! — адказаў храмоўнік, і яны пайшлі на сцены. Абодва былі згодны ў тым, што найбольш небяспечным пунктам была брама супроць той перадавой вежы, якою паспеў авалодаць вораг. Праўда, гэта вежа была адлучана ад самага замка глыбокім ровам, напоўненым вадою, і абложнікам нельга было інакш падступіцца да сцен, і атакаваць браму, як перамогшы гэту перашкоду; тым не менш і храмоўнік і дэ-Брасі меркавалі, што, калі абложнікі будуць кіравацца тым планам, які, як відаць, з самага пачатку быў вызначаны іх кіраўніком, яны пойдуць на прыступ іменна з гэтага боку, пастараюцца прыцягнуць да гэтага пункта як можна большую колькасць абаронцаў замка, а пад шумок тымчасам стануць шукаць вакол, ці няма дзе зручнага месца, кудою можна было-б прабрацца ў замак, карыстаючыся хібаю абложаных. Каб папярэдзіць гэта, рыцары маглі толькі расставіць па ўсёй даўжыні сцен вартавых так, каб яны маглі мець сувязь адзін з адным шляхам сігналаў і, у выпадку нечаканай небяспекі, паведамілі-б аб гэтым. Было вырашана, што дэ-Брасі зоймецца абаронаю брамы супроць перадавой вежы, а храмоўнік возьме чалавек дваццаць і будзе выкарыстоўваць іх, як рэзерв. З’яўляючыся на выручку то да аднаго пункта, то да другога, гледзячы па тым, дзе дапамога будзе больш патрэбна.


РАЗДЗЕЛ XXXI

ХОЦЬ Седрык не вельмі верыў словам Ульрыкі, аднак паведаміў аб дадзеным ёй абяцанні як Чорнаму Рыцару, так і іёмену Локслі. Ім было прыемна ведаць, што ў абложанай крэпасці ёсць у іх саюзніца, якая ў выпадку патрэбы можа зрабіць палёгку ім у доступе ў замак, і зусім згадзіліся з саксонцам, што, як-бы там ні было, трэба паспрабаваць узяць сцяну прыступам, бо гэта адзіны сродак выратаваць палонных, якія папалі пад уладу жорсткага барона Фрон дэ-Бёф.

— Ну, добры мой Локслі, — сказаў Чорны Рыцар, — ці не час шляхетнаму Седрыку ўзяць на сябе начальства і весці нас на прыступ?