Старонка:Айвенго (1934).pdf/204

Гэта старонка не была вычытаная

Брама раптам адчынілася, часовы мост выштурхнулі адтуль і праз хвіліну ён быў спушчаны на воду, стварыўшы ўпоперак рова слізкую і небяспечную сцежку, на якой змяшчаліся ніяк не больш двух чалавек радам. Зусім разумеючы, як важна захапіць ворага знянацку, Чорны Рыцар, а за ім і Седрык саскочылі на гэты плывучы масток і хутка перайшлі на другі бераг. Тут рыцар узяўся наносіць грамавыя ўдары сваёю сякераю па браме. З вышыні сцен абложаныя кідалі на яго каменні, стралялі з лукаў і арбалетаў, але ён быў абаронены ад гэтых знарадаў рэшткамі былога пад’ёмнага маста, знішчанага храмоўнікам у часе адступлення з перадавой вежы; частка насцілу гэтага маста, разам з пад’ёмнымі блокамі, так і засталася прымацаванай да верхняй бойніцы брамы, ствараючы нешта падобнае навесу над Седрыкам і рыцарам.

Людзі, якія перайшлі па плывучаму масту следам за імі, не мелі гэтага прыкрыцця: двое, пранізаныя стрэламі, былі забіты напавал, двое другіх упалі ў роў, астатнія спешна адступілі назад на вежу.

Становішча Седрыка і Чорнага Рыцара было сапраўды небяспечнае, і было-б яшчэ больш небяспечнае, калі-б не дружная дапамога стралкоў, што заселі ў перадавой вежы, яны не пакідалі сыпаць стрэламі ў бойніцы на сценах, адцягваючы ўвагу абаронцаў замка і перашкаджаючы ім кідаць на абодвух правадыроў каменне і балты, якія пагражалі знішчыць навес над іх галовамі. З кожнай хвілінай павялічвалася пагражаўшая ім небяспека.

— Ці не сорам вам! — крычаў дэ-Брасі сваім салдатам. — Вы дарэмна толькі называецеся стралкамі, калі дапушчаеце гэтых двух саксонскіх сабак гаспадарыць пад самымі сценамі замка! Зварочвайце зубцы са сцен і валіце іх уніз… Добрая будзе штука! Дастаньце ламы, вагары і звярніце мне вось гэты самы зубец! — ён паказаў на цяжкі каменны выступ, што выдаваўся над балясамі.

У гэтую хвіліну абложнікі ўбачылі чырвоны сцяг, выстаўлены з акна рагавой вежы, пра якую Ульрыка гаварыла Седрыку. Адважны іëмен Локслі першы за ўсіх убачыў гэты сігнал па дарозе ў перадавое ўмацаванне, куды ён бег у нецярплівасці даведацца, як ідзе аблога.