Старонка:Айвенго (1934).pdf/206

Гэта старонка не была вычытаная

— Спужаліся, падлюгі? — сказаў дэ-Брасі. — Вось я вам пакажу… Падайце мне вагар!

Ён схапіў яго і зноў пачаў падсоўваць пад камень, які быў такі вялікі і цяжкі, што калі-б упаў уніз, то, напэўна, збіў-бы канец пад’ёмнага маста, які служыў абаронаю для Седрыка і рыцара, і, акрамя таго, утапіў-бы дашчаны плыт, па якім яны перапраўляліся праз роў. Усе ўбачылі небяспеку і нават самыя смелыя (у тым ліку пустэльнік) не адважыліся ступіць на плывучы мосцік.

Локслі тройчы страляў у дэ-Брасі, і кожны раз страла адскоквала ад яго непранікальнай зброі.

— Д’ябал-бы ўзяў тваё іспанскае ўзбраенне! — бурчэў Локслі. — Каб яны былі зроблены англійскім кавалём, мае стрэлы даўно-б пракалолі іх насквозь, як шоўк або палатно.

І, узняўшы голас, ён пачаў крычаць:

— Гэй, таварышы, сябры! Шляхетны Седрык! Ідзіце назад! Дайце скінуць камлыгу!

Але яны не чулі яго голасу, таму што грукат ад сякеры рыцара, разбіваўшага браму мог-бы заглушыць дваццаць баявых труб. Праўда, Гурт саскочыў на мосцік і пабег папярэдзіць Седрыка аб пагражаючай небяспецы. Але папярэджанне было б занадта позна, таму што велізарны камень пачынаў ужо кратацца, а дэ-Брасі, які не пакідаў працаваць над ім, урэшце скінуў-бы, калі-б ля самага яго вуха не пачуўся голас храмоўніка:

— Усё прапала, дэ-Брасі, замак гарыць.

— Ці не вар’яцееш ты! — засупярэчыў рыцар.

— Увесь заходні бок ахоплены полымем. Я спрабаваў тушыць, але дарэмна.

Брыян дэ-Буагільбер паведаміў гэту жахлівую навіну з суровай халоднасцю, якая была асноўнай рысай яго характару; але не так успрыняў гэта паведамленне яго здзіўлены таварыш.

— Што-ж тут рабіць? — усклікнуў дэ-Брасі. — Абяцаю зрабіць падсвечнік з чыстага золата…

— Пачакай рабіць зарокі і выслухай мяне, — перапыніў яго храмоўнік. — Вядзі сваіх людзей уніз, быццам на вылазку; адчыні браму і выскачы вон… там на плыту толькі і ёсць два