Старонка:Айвенго (1934).pdf/209

Гэта старонка не была вычытаная

параненым Айвенго. Шум бойкі, якая зноў аднавілася, разбудзіў яго ад кароткага сну. Па яго настойлівай просьбе клапатлівая сядзелка зноў заняла месца каля акна з тым, каб наглядаць за ходам барацьбы і паведамляць яму, што робіцца пад сценамі; але некаторы час яна нічога не магла разабраць, таму што ўсё зацягнулася нейкім смуродным туманам. Урэшце дым чорнымі клубамі ўварваўся ў пакой, потым, не гледзячы на аглушальны шум бойкі, пачуліся крыкі: „Вады, вады!“ і Рэвека здагадалася, што прыйшла новая небяспека.

— Замак гарыць! — сказала яна. — Пажар! Што рабіць для нашага паратунку?

— Бяжы, Рэвека, выратоўвай сваё жыццё, а мне ўжо няма ратунку.

— Я не пайду ад цябе, разам выратуемся, або загінем… Але мой бацька, бацька!.. Які яго будзе лёс?

У гэту хвіліну дзверы адчыніліся насцеж, і на парозе з’явіўся храмоўнік, але ў якім жахлівым выглядзе! Залочанае ўбранне на ім было праламана і заліта крывёю, а пер’е на шлеме часткова абгарэла і звесілася на бок.

— Урэшце я знайшоў цябе, Рэвека, — сказаў ён. — Убачыш цяпер, як я стрымаю сваё абяцанне падзяляць з табою і гора і радасць… Нам застаўся адзін толькі шлях да выратавання… я перамог дзесяткі перашкод і небяспек, каб паказаць табе гэты шлях… Уставай і зараз-жа ідзі за мною!

— Адна я не пайду, — сказала Рэвека. — Выратуй майго старога бацьку… і выратуй гэтага параненага рыцара!

— Рыцар, — адказаў храмоўнік з уласцівай яму спакойнасцю, — усякі рыцар, Рэвека, павінен пакарыцца свайму лёсу, хоць-бы прыйшлося яму загінуць ад мяча ці агня.

— Жорсткі воін, — сказала Рэвека, — я хутчэй загіну ў полымі, чым згаджуся ісці з табою!

— Табе не прыдзецца выбіраць, Рэвека… Адзін раз ты прымусіла мяне адступіць… але не нарадзіўся яшчэ на свеце той чалавек, перад якім я адступіў-бы двойчы.

З гэтымі словамі ён схапіў перапалоханую дзяўчыну і панёс яе вон з пакоя, не гледзячы на яе роспачлівы крык і на грозны воклік Айвенго, які крычаў яму ўслед: