Старонка:Айвенго (1934).pdf/215

Гэта старонка не была вычытаная

легласці. Адна за другою рушыліся высокія вежы; палаючыя стрэхі і бэлькі ляцелі ўніз; байцам нельга было далей заставацца ў сценах замка і яны выбеглі з двара ў адкрытае поле. З пераможаных нямногія засталіся жывымі, разбегліся і схаваліся ў суседніх лясах. Пераможцы, сабраўшыся значнымі натоўпамі, са здзіўленнем і нават са страхам глядзелі на пажар, водблескі якога афарбоўвалі пурпуровым колерам іх саміх і іх зброю. Апантаная фігура саксонкі Ульрыкі яшчэ доўга віднелася наверсе выбранага ёю п’едестала; яна з лямантам дзікай урачыстасці ўзмахвала рукамі. Урэшце і гэта вежа з жахлівым трэскам рухнула, і Ульрыка загінула ў полымі, якое знішчыла яе ворага і тырана. Жах скаваў языкі ўсіх узброеных байцоў, сведкаў гэтага відовішча, і ў працягу некалькіх хвілін ніхто не крануўся. Потым пачуўся голас Локслі.

— Радуйцеся, іëмены, гняздо тырана разбурана… Цягніце ўсю здабычу на зборнае месца да Запаветнага Дуба, што каля Крутога Спуска; я там буду на світанні, і мы чэсна падзелім дабро паміж нашымі дружынамі, ды падзелімся і з паважанымі саюзнікамі, якія дапамагалі выканаць гэту вялікую справу.

РАЗДЗЕЛ XXXII

РАНІШНЯЕ сонца асвятліла прагаліны дубовага лесу. Зялёныя галіны заблішчэлі дыямэнтамі рос. Лань вывела дзіцянё з гушчару высокай папараці на адкрытую палянку, і не было блізка ніводнага паляўнічага, каб высачыць стройнага аленя, які чуйным поступам хадзіў на чале свайго рагатага статка.

Лясная вольніца сабралася вакол Запаветнага Дуба, на зборным месцы каля Крутога Спуска, дзе правяла ноч, адпачываючы пасля ўчарайшай аблогі; адны падмацоўвалі свае сілы віном, другія проста спалі, а шмат хто слухаў або сам расказваў розныя здарэнні баявога дня, або лічылі дабро, сабранае імі сюды і адданае ў распараджэнне іх галоўнага начальніка.

Здабыча была вельмі значная. Не гледзячы на тое, што шмат што згарэла ў час пажару, адважныя малайцы ўсё--