Старонка:Айвенго (1934).pdf/216

Гэта старонка не была вычытаная

такі набралі шмат срэбнай пасуды, багатай зброі і раскошнай адзежы. Аднак яны падначальваліся ўнутры сваёй арганізацыі такім строгім законам, што ніхто і не спрабаваў самавольна прысвоіць сабе хоць бы самую малую частку здабычы, зваленай у адну кучу і адданай у распараджэнне правадыра.

Месца зборышча было ўкрыта вельмі старым дубам; але гэта было не тое дрэва, да якога Локслі прыводзіў Гурта і Вамбу: гэты Запаветны Дуб стаяў сярод лясной лагчыны, у адлегласці поўмілі ад разбуранага замка Торкільстона. Локслі заняў сваё месца — дзярновую лаву, складзеную пад густым пераблытаным галлём велізарнага дуба, а салдаты яго „лясной арміі“ стоўпіліся вакол. Ён папрасіў Чорнага Рыцара сесці побач з ім па правую руку, а з левага боку пасадзіў Седрыка.

— Прабачце маю смеласць, дарагія госці, — сказаў ён, — але ў гэтых нетрах я адзін валадар, гэта маё царства; і на маіх адважных васалаў зрабіла-б дрэннае ўражанне, калі-б я ўздумаў у межах сваіх валоданняў каму-б там не было ўступіць сваё месца. Але дзе-ж наш капелан? Куды дзеўся куцы манах?

Выявілася, што ніхто не бачыў алтарніка з Копмангерста.

— Што гэта? — сказаў Локслі. — Спадзяюся, што наш вясёлы поп толькі таму знік, што крыху пераседзеў, гутарачы з бутэлькаю віна. Хто яго бачыў пасля таго, як мы ўзялі замак?

— Я, — адказаў Мельнік. — Я бачыў, як ён вазіўся каля адных дзвярэй падвала і кляўся ўсімі святымі, што паспрабуе, якія ў барона Фрон дэ-Бёф былі гасконскія віны.

— Ну, — прагаварыў капітан, — ніякія святыя, колькі іх ні ёсць, не абароняць яго ад спакусы так налізацца, каб загінуць пад руінамі замка! Мельнік, ідзі туды, вазьмі з сабою дастатковую колькасць людзей, ідзі ў тое месца, дзе ты яго заўважыў у апошні раз, накачайце вады з рова, аблейце гарачае каменне… Я гатоў разабраць усе руіны па каменьчыку, толькі-б не страціць майго куцага манаха!

І столькі народу той-жа час пайшло выконваць даручэнне, што, калі ўзяць пад увагу цікавасць дзяльбы здабычы,