Старонка:Айвенго (1934).pdf/22

Гэта старонка не была вычытаная

формы, твар шырокі, вочы вялікія, блакітныя. Яго лаўгія русыя валасы былі расчэсаны на абодва бакі роўным праборам, які ішоў ад цемені да ілба, і падалі на плечы. У іх не заўважалася яшчэ сівізны, хоць Седрыку ішоў шасцідзесяты год.

Апрануты ён быў у туніку зялёнага колеру, аблямованую каля каўняра і абшлагоў шэраю футраю. Гэта верхняя шырокая куртка была незашпілена і пад ёю відаць была другая, ярка-чырвоная, якая шчыльна прылягала да цела. Такія-ж чырвоныя штаны даходзілі да ніжняй часткі сцёгнаў, пакідаючы калены адкрытымі. Абуткам яго былі камашы таго-ж фасону, як у сялян, але з лепшага матэрыялу, і былі зашпілены спераду залатымі засцёжкамі. На руках ён насіў залатыя поручні, на шыі шырокія маністы з таго-ж метала, вакол пояса папруга, багата ўпрыгожаная дарагім каменнем. Да папругі быў прымацаваны кароткі, просты, двухбаковы меч з вельмі вострым канцом. Да спінкі крэсла была прыслонена кароткая рагуліна з шырокай і бліскучай сталёвай булавешкай, якая служыла яму ў часе пагулянак пехатою замест кійка.

Некалькі слуг, вопратка якіх напамінала і шыкоўны гарнітур гаспадара і грубую прастату свінапаса Гурта, чакалі загадаў. Тут-жа былі тры вялікія і махнатыя харты, столькі-ж сабак-выведнікаў буйнага, кастлявага завода, з тоўстай шыяй, вялікай галавой і доўгімі вушамі, і адзін ці два маленькіх сабачкі, якія называюцца цяпер таксамі.

Седрык быў не ў гуморы. Лэдзі Равена, якая ездзіла на вячэрню ў нейкую далёкую царкву, толькі што вярнулася дахаты і мяняла плацце, прамочанае дажджом. Гурт яшчэ не вяртаўся з лесу, хоць павінен быў даўно прыгнаць свой статак, а час быў такі неспакойны, што такую затрымку зусім можна было прыпісаць сустрэчы з разбойнікамі, якіх у вакольных лясах было шмат, або нападу якога-небудзь суседняга барона, які разумее сваю сілу і таму не хоча лічыцца з законамі ўласнасці.

Нездавальненне Седрыка прарывалася на паверхню кароткімі сказамі, якія ён часткова мармытаў пра сябе, часткова выкрыкваў акружаючым яго слугам, асабліва свайму