Старонка:Айвенго (1934).pdf/221

Гэта старонка не была вычытаная

адчынены для ўсякага, хто жадае прыняць удзел у пахавальнай трызне, і, гаворачы ад імя шляхетнай Эдзіты, мацеры пакойнага тана, магу цябе запэўніць, што дзверы гэтага замка заўсёды будуць адкрыты для таго, хто так мужна, хоць і беспаспяхова, папрацаваў дзеля вызвалення Атэльстана ад нармандскіх кайданаў і ад нармандскага мяча.

— Так, так, — загаварыў Вамба, які заняў сваё звычайнае месца каля гаспадара, — будзе там велічэзнае кармленне… Шкада, што шляхетнаму Атэльстану нельга паесці на сваіх уласных хаўтурах. Але, мабыць, — дадаў блазен, сур’ёзна ўзняўшы вочы да неба, — ён цяпер вячэрае ў раі і, пэўна, есць з апетытам.

— Перастань і едзь наперад, — лагодна сказаў Седрык, хоць і быў нездаволены нясвоечасовым жартам. Равена паслала рукою прывітанне Чорнаму Рыцару. Саксонец пажадаў яму шчаслівай дарогі, і яны накіраваліся сваім шляхам удоўж шырокай лясной палянкі.

Толькі яны ад’ехалі, як з-пад навеса дубовага галля паказалася другая працэсія і, абагнуўшы ўскраіну лесу, накіравалася следам за Седрыкам, Равенай і іх дружынай. Гэта былі манахі суседняга манастыра, якіх прыцягнула паведамленне, што Седрык абяцаў багатыя афяраванні на „памінкі душы“; яны пайшлі за насілкамі, на якія паложана было цела Атэльстана, і пелі псалмы, покуль васалы пакойніка павольна неслі яго на плячах у замак Конінгсбург, дзе павінны былі палажыць яго ў радавітую магілу. Яшчэ раз лясныя дружыннікі ўсталі ўсе разам, пасвойму ўшанавалі памёршага… Ціхае пяянне і мерны ход манахаў напомніў ім раптам ратных сатаварышоў, якія забіты напярэдадні ў часе бойкі.

Але іх сумны настрой прадаўжаўся нядоўга, і не паспелі згубіцца ўдалечыні апошнія адгалоскі хаўтурных спеваў, як стралкі ўзяліся зноў за дзяльбу здабычы.

— Харобры рыцар, — сказаў Локслі Чорнаму Рыцару, — без вашай адважнай дапамогі і магутнай рукі не маглі-б мы з такім поспехам выканаць сваё прадпрыемства, а таму ці не выбераце вы з кучы дабра, што вам спадабаецца, на ўспамін аб гэтай палянцы і аб маім Запаветным Дубе?