Старонка:Айвенго (1934).pdf/230

Гэта старонка не была вычытаная

— Вялебны айцец, маё шанаванне ў нашых лясах.

— Што гэта за язычаскі маскарад? — сказаў прыёр. — Калі ты, брат, сапраўды духоўная асоба, ты-б лепш навучыў мяне, як вызваліцца з рук гэтых людзей, чым дзюбаць носам ды крыўляцца перада мною, быццам кірмашовы танцор.

— Сапраўды, вялебны айцец, — адказаў манах, — я толькі і ведаю адзін спосаб, якім ты можаш вызваліцца. Мы святкуем сёння Андрэя першазваннага, значыцца, збіраем дзесяціну.

Толькі не з царквы, спадзяюся, добры брат мой? — сказаў прыёр.

— І з папоў і з міран, нам усёроўна, — адказаў пустэльнік, — а таму, сэр прыёр, уступай у прыязнь з мамонаю беззаконня, таму што ніякае іншае сяброўства табе не дапаможа.

— Люблю вясёлых паляўнічых, усім сэрцам люблю, — сказаў прыёр, мяняючы тон. — Ну, кіньце, навошта гэтыя строгасці, я-ж і сам вялікі майстар паляўнічай справы, умею трубіць у рог так зычна і чыста, што аж кожны дуб мне адклікнецца… Са мною можна-б і мякчэй абысціся.

— Дайце яму рог, — сказаў Локслі, — няхай пакажа сваё майстэрства.

Прыёр Эймер пратрубіў сігнал. Капітан толькі галавою паматаў.

— Сэр прыёр, — сказаў ён, — трубіць то ты умееш, але гэтым ад нас не выкруцішся. Мы не можам адпусціць цябе на волю за такую музыку. Да таго-ж, я зараз бачу… ты адзін з тых, якія ўводзяць у нас розныя французскія выкрутасы і гэтым толькі псуюць старыя англійскія лады. Не, прыёр, вось за гэту апошнюю закаручку ты заплоціш яшчэ пяцьдзесят крон штрафу, звыш выкупу, і па заслузе: не скажай старых, сапраўдных напеваў, сапраўднага палявання сабакамі.

— Ну, сябра, — прагаварыў абат нездаволеным тонам, — табе, бачу я, цяжка дагадзіць у адносінах палявання. Прашу цябе, будзь больш угаворлівы ў пытанні аб маім выкупе. Адным словам, скажы проста, колькі ты хочаш з мяне ўзяць, каб адпусціць зусім, без усялякага канвоя і наглядчыкаў?