Старонка:Айвенго (1934).pdf/233

Гэта старонка была вычытаная

— Было!.. Было!.. — сказаў стары, дрыжучы ад нецярплівасці. — Ці не можаце сказаць вы мне што-небудзь пра яе?

— Значыцца, гэта яе вёз горды храмоўнік, калі прабіваўся праз наш натоўп учора ўвечары, — сказаў іëмен. — Я хацеў быў паслаць яму ўздагон стралу, ужо і лук нацягнуў, ды збаяўся, каб нехаця не папасці ў дзяўчыну, так і не выстраліў.

— Таварышы, — сказаў капітан, азіраючыся вакол, — гора гэтага старога расчуліла мяне… Гавары з намі шчыра, Ісаак: сазнайся, заплаціўшы нам тысячу крон, ты сапраўды застанешся без усякіх сродкаў на жыццё?

Пытанне капітана прымусіла Ісаака пабляднець, і ён, заікаючыся, прагаварыў, што „можа, усё-такі застанецца такая-сякая крошка“.

— Ну, добра, — сказаў Локслі, — колькі-б там ні было, мы не будзем у цябе лічыць. Без грошай табе таксама мала надзеі выратаваць сваё дзіця з кіпцяў сэра Брыяна дэ-Буагільбера, як калі-б ты захацеў тупою стралою забіць здаравеннага аленя. Мы возьмем з цябе такі-ж выкуп, як з прыёра Эймера, або лепш яшчэ на сто крон дзешавей; гэта сотня была б маім асабістым барышом, і я ад яго адмаўляюся ў тваю карысць, не чапаючы выгад нашай дружыны. У цябе ў кішэні застанецца пяцьсот крон на выкуп твае дачкі. Храмоўнікі любяць бляск срэбных шэкеляў не менш, чым бляск чорных вачэй. Паспяшайся як можна хутчэй зачараваць дэ-Буагільбера відам грошай, а то можа здарыцца вялікая бяда. Мяркуючы па таму, што нам данеслі выведнікі, ты яго застанеш у бліжэйшым адсюль манастыры, прэсепторыі іх ордэна. Ці так кажу я, адважныя мае таварышы?

Іёмены выказалі, як і заўсёды, поўную згоду з думкай свайго правадыра; Ісаак, напалову супакоены весткаю, што дачка яго жывая і можна паспрабаваць выкупіць яе, стаў дзякаваць вялікадушнага стралка.

— Эх, каб цябе д’ябал забраў, уставай хутчэй! Я англічанін і не прыхільнік такіх усходніх цэрамоній.

— Так, Ісаак, — сказаў прыёр Эймер, — я тужу аб лёсе твае дачкі, яна-ж вельмі прыгожая і прывабная. Я яе бачыў