Старонка:Айвенго (1934).pdf/234

Гэта старонка не была вычытаная

на турніры ў Ашбі. Што-ж датычыцца Брыяна дэ-Буагільбера, то на яго я маю вялікі ўплыў. Падумай-жа добра, чым ты можаш заслужыць маю ласку, каб я яму закінуў за цябе добрае слова.

Ісаак голасна застагнаў. Локслі адвёў яго ў бок і сказаў яму:

— Абдумай добра, Ісаак, што табе рабіць у такім выпадку. Мая парада — пастарайся задобрыць гэтага папа. Ён чалавек ганарлівы і хцівы, прынамсі, мае вялікую патрэбу ў грошах на здавальненне сваіх прывычак. У гэтых адносінах табе лёгка дагадзіць яму; ты не думай, што я хоць на хвіліну паверыў тваім запэўненням, быццам ты бедны. Я вельмі добра ведаю тую жалезную скрыню, у якой ты трымаеш грошы… Ды гэта яшчэ што! Я ведаю і той вялікі камень пад яблыняй, які хавае патайны ход у скляпенне, пад тваім садам у Іёрку…

Ісаак смяртэльна збялеў пры гэтых словах.

— А ты не бойся мяне, — прадаўжаў іёмен, — таму што мы з табою-ж старыя прыяцелі. Памятаеш ты таго хворага іëмена, якога дачка твая Рэвека выкупіла з іёркскай турмы і трымала ў сябе ў доме покуль ён ачуняў, а калі ён паправіўся і збіраўся ісці ад вас, ты яшчэ даў яму срэбную манету на дарогу? Гэта срэбная манета захавала табе сёння цэлых пяцьсот крон!

— Значыцца, ты той самы, каго мы звалі Дзік-Самастрэл? Мне і здавалася, быццам твой голас мне знаёмы.

— Так, я Дзік-Самастрэл, — адказаў капітан, — а таксама Локслі, і ёсць у мяне яшчэ іншае харошае імя.

— Толькі ты памыляешся, мой добры сябра, адносна гэтага самага скляпення. Там нічога няма, акрамя такога-сякога тавару, з якім я ахвотна расквітаюся ў тваю карысць, а іменна: сто ярдаў зялёнага лінкольнскага сукна на каптаны тваім малайцам, сотня дошак іспанскага тысавага дрэва, годнага на выраб лукаў, і сто канцоў шоўкавай цецівы, моцнай, роўнай, кручанай… Вось гэта ўсё я прышлю табе, сумленны Дзік, за твае добрыя да мяне адносіны… Толькі ўжо, калі ласка, мой добры Дзік, змаўчы наконт скляпення.