Старонка:Айвенго (1934).pdf/235

Гэта старонка не была вычытаная

— Будзь спакойны, буду маўчаць, як сурык, — адказаў стралок, — і павер, што я шчыра тужу аб лёсе твае дачкі. Але дапамагчы справе не магу. У адкрытым полі мае стрэлы бяссільныя супроць коп’яў храмоўніка: ён уміг сатрэ мяне ў парашок. Калі б знаць ды ведаць, што то была Рэвека, у той час, як яе везлі, яшчэ можна было што-небудзь зрабіць; а цяпер — адзін сродак, дзейнічай хітрасцю. Ну, хочаш, я за цябе зраблю кантракт з прыёрам?

— Рабі, як ведаеш, Дзік, толькі дапамажы мне выручыць мае роднае дзіця.

— Дык ты не перапыняй мяне, — сказаў Локслі. — Тады я згодзен і зараз перагавару з абатам.

— Прыёр Эймер, — сказаў Локслі, — прашу цябе падысці да мяне на пару слоў сюды, пад дрэва. Ходзяць чуткі, быццам ты любіш добрае віно і прыемнае жаночае асяроддзе больш, чым гэта падабае ў тваім званні, сэр абат. Але да гэтага мне няма справы. Яшчэ гавораць, што ты любіш мець зграю заводскіх сабак і шустрага каня, і лёгка можа быць, што, маючы ўнаду да рэчаў, якія абыходзяцца дорага, ты не грэбуеш і мяшком з золатам. Але ёсць нешта, у чым пагалоска ніколі не будзе дакранаць цябе, а іменна: ніхто не скажа, каб ты любіў уціскаць людзей ці быў жорсткім… Ну, вось Ісаак, не супроць таго, каб здабыць табе каліту з сотняю марак срэбра на твае пацехі, калі ты згодзен зрабіць уплыў на твайго прыяцеля храмоўніка, у тым сэнсе, каб ён адпусціў на волю дачку Ісаака.

— Гэта справа досыць складаная па сутнасці, — адказаў прыёр, — але, калі яўрэй афяруе звыш таго што-небудзь на царкву або, напрыклад, на пабудову спальні для брацці, я, бадай, дапамагу яму выручыць яго дачку.

— Мы не будзем спрачацца з вамі з-за якіх-небудзь дваццаці марак срэбра на спальню або з-за пары срэбных падсвечнікаў для алтара, — сказаў капітан.

— А якое-ж забеспячэнне будзе мне за гэта? — запытаў прыёр.

— Калі Ісаак вернецца дамоў, паспяхова выканаўшы ўсё дзякуючы вашай дапамозе, ён сумленна разлічыцца з вамі звонкаю манетай; я сам дагляджу за гэтым.