Старонка:Айвенго (1934).pdf/237

Гэта старонка не была вычытаная

і іншага, вы павінны зразумець, што мы маем вельмі чулае сумленне, а таму не адважымся такую шаноўную асобу, як ваша вялебнасць, спакушаць нікчэмным пустаслоўем. Вы-ж далі зарок адмовіцца ад свецкіх клопатаў і ад усіх свецкіх прываб, дык навошта-ж мы будзем спакушаць вас на парушэнне манастырскіх статутаў нашэннем пярсцёнкаў, ланцужкоў і іншых марных аздобаў?

— Абдумайце добра, панове, — сказаў прыёр, — што вы намерыліся зрабіць? Гэта-ж значыць налажыць руку на царкоўную маёмасць, гэтыя рэчы святыя і… я не ведаю, якое няшчасце будзе вам за тое, што вы дакранаецеся да іх сваімі свецкімі рукамі!

— Наконт гэтага я паклапачуся, ваша вялебнасць, — умяшаўся пустэльнік з Копмангерста, — і ў выпадку чаго… сам буду насіць гэтыя рэчы.

— Сябра ці брат мой, — сказаў прыёр у адказ на такое вырашэнне сваіх сумненняў, калі ты сапраўды належыш да духоўнага саслоўя, прашу цябе сур’ёзна падумаць, якую адказнасць будзеш мець ты перад сваім епархіяльным начальствам за той удзел, які прымаеш у падзеях гэтага дня.

— Эх, сябра прыёр, — адказаў пустэльнік, — трэба табе ведаць, што я належу да вельмі маленькай епархіі, і ў ёй я сам сабе начальнік, так што не баюся епіскапа Іёркскага, ніякіх абатаў, ні прыёра з Жарво…

— Значыцца, ты не сапраўдны свяшчэннік, — сказаў прыёр, — а проста адзін з тых самазванцаў, якія беззаконна прысвойваюць сабе званне.

— Сам ты самазванец! — усклікнуў абураны пустэльнік. — Я не намераны цярпець твае знявагі, ды яшчэ ў прысутнасці маіх парафіян. Я знаходжу, што пазбавіць свет ад такога фанабэрыстага гардуна, як ты, адабраўшы ў яго ўсялякія пярсцёнкі і іншую падобную дрэнь — самая законная і пахвальная справа…

— Ого! — усклікнуў капітан. — Вось да чаго дагаварыліся вялебныя айцы! — Ну манах, досыць-жа. А ты, прыëр, не прыставай больш да нашага пустэльніка. Слухай, ойча, адпусці з мірам вялебнага абата, ён-жа ўжо заплаціў выкуп.