Старонка:Айвенго (1934).pdf/239

Гэта старонка не была вычытаная

сустрэнемся і тады не будзем адзін ад аднаго хавацца. А цяпер, спадзяюся, мы развітаемся сябрамі?

— Вось вам мая рука ў адзнаку сяброўства, — сказаў Локслі.

— А вось табе мая рука, — сказаў рыцар, — і ведай, што я лічу за гонар паціснуць тваю руку. Бывай здароў, адважны вольны чалавек.

Рыцар Вісячага Замка сеў на свайго каня і ўглыбіўся ў лес.


РАЗДЗЕЛ ХXXІV

У ПРЫНЦА Іоана ў Іёркскім замку быў банкет. Ён запрасіў да сябе ў госці ўсіх дваран, прэлатаў і правадыроў, з дапамогаю якіх спадзяваўся ажыццявіць свае планы і захапіць прастол брата. Вальдемар Фіц-Урс, яго хітры і спрытны памочнік, употайку арудаваў сярод гасцей, стараючыся выманіць у іх адкрытае прызнанне ў тым, што яны пераходзяць на бок партыі прынца Іоана. Але поспех затрымаўся з прычыны адсутнасці некалькіх важных аднадумцаў. Не было барона Фрон дэ-Бёф, смелага Морыса дэ-Брасі і выдатнага ваеннымі талентамі Брыяна дэ-Буагільбер. Прынц Іоан і яго любімы дарадца тайком пракліналі іх бязглуздую і лёгкадумную адлучку, але не адважваліся дзейнічаць без іх. Таксама кудысьці схаваўся яўрэй Ісаак, а з ім знікла і надзея на некаторую суму грошай, якую прынц хацеў з яго дапамогаю пазычыць у мясцовых яўрэяў. Недахоп грашовых сродкаў мог чыніць вельмі сур’ёзныя небяспекі.

Раніцою, на другі дзень пасля падзення замка Торкільстон, у горадзе Іёрку распаўсюдзілася чутка, быццам дэ-Брасі, дэ-Буагільбер і саюзнік іх Фрон дэ-Бёф узяты ў палон ці забіты. Фіц-Урс сам данёс прынцу аб гэтай чутцы, дадаўшы, што яна яму здаецца тым больш праўдзівай, што гэтыя рыцары паехалі з вельмі невялікім атрадам слуг і хацелі зрабіць напад на Седрыка-Саксонца і на яго дружыну.

У іншы час прынц палічыў-бы падобны намер вельмі пацешным, але на гэты раз ён пераблытваў яго ўласныя планы, а таму ён пачаў дакараць зачыншчыкаў такога непарадку і парушыцеляў законаў.