Старонка:Айвенго (1934).pdf/244

Гэта старонка не была вычытаная

яшчэ будзеш расказваць, што я цябе падгаварваў яго забіць… Не, турма лепш усяго; а дзе ён будзе зняволены, у Аўстрыі або ў Англіі ці не ўсёроўна? Ён апыніцца ў такім самым становішчы, у якім быў, калі мы пачыналі сваё прадпрыемства. Мы-ж таму і пачалі справу, што спадзяваліся, што Рычард застанецца ў палоне ў Германіі… Вядома, што дзядзька наш Роберт і жыў і памёр у замку Кардзіф.

— Так-то так, — сказаў Вальдэмар, — але ваш пакойны бацька значна мацней сядзеў на прастоле, чым гэта магчыма для вашай светласці. Памойму самая лепшая турма тая, ад якое ключы хаваюцца ў панамара. Няма нічога лепшага падземнага скляпення пад царквою! Больш мне няма чаго сказаць.

— Ці турма, ці магіла, гэта мяне не датычыць, — сказаў дэ-Брасі. — Я ўмываю рукі.

— Нягоднік! — сказаў прынц Іоан. — Спадзяюся ты яму не данясеш падрабязнасцей нашай нарады?

— Я яшчэ ніколі не быў даносчыкам, — напышліва сказаў дэ-Брасі, — і не прывык, каб мяне называлі нягоднікам.

— Годзе, годзе, сэр рыцар! — умяшаўся Вальдэмар. — А вы, гасудар, даруйце ўразлівасці адважнага дэ-Брасі. Я спадзяюся ўгаварыць яго і перамагчы яго хістанні.

— Дарма траціш сваё красамоўства, Фіц-Урс, — адказаў дэ-Брасі.

— Ну, што гэта, мой добры сэр Морыс! — прадаўжаў хітры дыпламат. — Не кідайся ў бок, быццам спуджаны конь, а спачатку разгледзьце добра, чаго вы так спалохаліся. Гэты Рычард… Не далей як пазаўчора ты быў-бы вельмі здаволены, каб сустрэўся з ім твар у твар на ратным полі… Я сто разоў чуў, як ты марыў аб гэтым.

— Яшчэ-б, — адказаў дэ-Брасі, — іменна, як ты сказаў, твар у твар, і ў ратным полі! А калі-ж я гаварыў, што хацеў-бы напасці на яго адзін у глухім лесе?

— Які-ж ты рыцар, калі гэта цябе палохае, — сказаў Вальдэмар. — Хіба Ланселот дэ-Ляк і сэр Трыстрам набывалі сабе вялікую славу на ратным полі? Яны якраз тым і праславіліся, што нападалі на асілкаў і волатаў у глыбіні дзікіх і нязведаных лясоў.