Старонка:Айвенго (1934).pdf/245

Гэта старонка не была вычытаная

— Так, — сказаў дэ-Брасі, — толькі ручаюся, што ні Трыстрам, ні Ланселот не справіліся-б у ручной бойцы з Рычардам Плантагенетам; а адпраўляцца ўдваіх супроць аднаго чалавека ў іх не было ў звычаі.

— Ты вар’яцееш, дэ-Брасі, — сказаў Фіц-Урс. — Ці разумееш ты, што мы прапануем табе, наёмнаму начальніку вольнай дружыны, якая за грошы ўзялася служыць прынцу Іоану? Табе вядома, дзе знаходзіцца наш вораг, а ты не адважышся і не зразумееш, тады як лёс твайго апекуна і тваіх таварышоў, і ўласнае тваё жыццё, жыццё і гонар кожнага з нас залежыць ад гэтага.

— Я вам гавару, — панура сказаў дэ-Брасі, — што ён дараваў мне жыццё. Праўда, ён прагнаў мяне з вачэй, адмовіўся ад маіх паслуг… Значыцца, я не абавязан яму ні падначаленнем, ні адданасцю… Але я не магу падняць на яго руку.

— Ды і не трэба. Пашлі Луі Вінкельбранда з двума дзесяткамі тваіх копейшчыкаў.

— У нас досыць і сваіх агіднікаў, — сказаў дэ-Брасі. — З маіх ні адзін не пойдзе на гэту справу.

— Ты аднак вельмі ўпарты, дэ-Брасі, — сказаў прынц Іоан. — Няўжо ты пакінеш мяне пасля ўсіх тваіх запэўненняў у адданасці і стараннасці?

— Я не хочу вас пакідаць, — сказаў дэ-Брасі. — Гатоў служыць вам ва ўсім, што прыстойна рыцарскаму званню як на турніры, так і на ратным полі, але разбойніцкія замашкі мне агідны.

— Вальдэмар, падыдзі сюды… да мяне, бліжэй, — сказаў прынц Іоан. — Які я няшчасны прынц! Вось у бацькі майго, караля Генрыха, былі верныя слугі: яму варта было толькі сказаць, што яму абрыдзеў такі вось бунтар з духоўнага звання, і кроў Фамы Бекета пралілася на ступені алтара, у якога ён служыў… дарма што яго лічылі святым! Хоць у Рэджынальда Фіц-Урс і застаўся сын, але ён не ўнаследваў адвагі бацькі!

— Не, у яго няма недахопу ні ў тым ні ў другім, — сказаў Вальдэмар Фіц-Урс, — і калі больш няма каму выканаць гэту небяспечную задачу, я бяру яе на сябе. Дэ-Брасі, даручаю табе падтрымліваць бадзёры настрой у падаючых