Старонка:Айвенго (1934).pdf/249

Гэта старонка не была вычытаная

мота, а душэўная трывога так змучыла яго і без таго слабы арганізм, што ён з вялікай цяжкасцю дацягнуўся да невялікага гандлёвага мястэчка, дзе жыў адзін рабін, вядомы сваімі медыцынскімі ведамі і добра знаёмы Ісааку.

Натан Бен-Ізраіль прыняў Ісаака прыветна. Ён адразу палажыў яго ў ложак і прымусіў прыняць лякарства, якое ў той час лічылася найбольш дзейным супроць трасавіцы, што ахапіла гаротнага старога пад уплывам перацерпленых жахаў, зморы, пабояў і суму.

На другі дзень раніцою Ісаак сабраўся зноў устаць і прадаўжаць свой шлях, але Натан супрацівіўся гэтаму, даводзячы, што такая неасцярожнасць можа каштаваць яго жыцця. Але Ісаак адказаў на гэта, што яму трэба безадкладна-ж ехаць у Тэмпльстоу.

— У Тэмпльстоу! — усклікнуў Натан са здзіўленнем. Ён яшчэ раз памацаў яго пульс і прамармытаў сабе пад нос: „Трасавіцы як быццам няма, аднак брэдзіць… ці крыху звар’яцеў?“

— Чаму-ж мне не ехаць у Тэмпльстоу? — запытаў Ісаак.

— Але ці вядома табе, што там цяпер Лука Бомануар, начальнік іх ордэна і, як кажуць, іх гросмайстар?

— Гэтага я не ведаю, — сказаў Ісаак. — Паводле апошніх вестак, якія я меў ад сваіх сапляменнікаў з Парыжа, Бомануар быў у сталіцы Францыі і ўпрошваў караля Філіпа выступіць супроць султана Саладына.

— З таго часу ён прыбыў у Англію, нечакана для сваіх сабратоў, — сказаў Бен-Ізраіль, — і з’явіўся ён з прасцёртаю рукою, гатовы караць і праследваць. Твар яго палае гневам супроць парушыцеляў зароку, якія давалі ўступаючыя ў іх ордэн, і усе дрыжаць перад ім. Ты, напэўна, і раней чуў яго імя?

— Так, яно мне вельмі знаёмае, — адказаў Ісаак. — Шмат сарацін і яўрэяў загінула ад рукі гэтага шалёнага фанатыка. А ўсё-такі я павінен ехаць у Тэмпльстоу.

Ён адважыўся ўрэшце растлумачыць Натану, чаму яму так патрэбна як можна хутчэй туды адпраўляцца. Рабін выслухаў яго ўважліва.

— Дык едзь, — сказаў ён, — і будзь разважным.