Старонка:Айвенго (1934).pdf/252

Гэта старонка не была вычытаная

у сярэдзіне якога быў выразаны той-жа васьміканцовы крыж рыцараў храма.

На дарожцы саду з’явіўся зброяносец у паношаным адзенні (таму што навічкі, якія паступалі на выпрабаванне ў гэты манахаўскі ордэн, абавязаны былі апранацца ў неданоскі старэйшых рыцараў); ён з пашанай пакланіўся гросмайстру і моўчкі спыніўся перад ім, чакаючы дазволу гаварыць.

— Ну, вось, — сказаў гросмайстар, — ці не больш прыстойна бачыць Даміяна апранутым у рызы хрысціянскай пакоры ў пачцівым маўчанні перад сваім начальнікам, чым два дні таму назад, калі я застаў гэтага дурня ў стракатым убранні і нахабна скачучым, быццам папугай?.. Гавары, зачым ты прыйшоў?

— Шляхетны і вялебны айцец, — адказаў зброяносец, — ля брамы стаіць яўрэй і просіць дазволу перагаварыць з братам Брыянам дэ-Буагільберам.

— Ты добра зрабіў, што прыйшоў далажыць мне аб гэтым, — сказаў гросмайстар. — У нашай прысутнасці кожны прэсептар ёсць такі-ж член ордэна, як і астатняя брація, і не павінен мець свае волі, але выконваць волю свайго начальніка. Нам асабліва важна ведаць аб усіх учынках гэтага Буагільбера, — дадаў гросмайстар, звяртаючыся да свайго спадарожніка.

— Паводле чутак, гэта — харобры і мужны рыцар.

— Гэта чутка праўдзівая, Конрад, — сказаў гросмайстар. — Але брат Брыян, уступаючы у наш ордэн, здаваўся мне чалавекам панурым, абманутым у сваіх надзеях; даючы зарок і адмаўляючыся ад свету, ён рабіў не ад шчырага сэрца, а хутчэй з крыўды на нейкую пустую перашкоду, якая загнала яго шукаць уцех у каянні. З таго часу ён ператварыўся ў дзейнага і палкага агітатара; ён наракае, інтрыгуе і стаў на чале партыі, якая супярэчыць нам у правах на вышэйшую ўладу над ёю, ён забыўся, што ўлада наша адзначаецца сімвалам крыжа, які складаецца з двух накрыж складзеных кіёў: адзін кій дадзены нам у адзнаку апоры для слабых, а другі для пакарання віноўных… Даміян, — звярнуўся ён да паслушніка, — прывядзі яўрэя.