Старонка:Айвенго (1934).pdf/254

Гэта старонка не была вычытаная

— А чаму-ж не зламаць? — адказаў Бомануар, насупіўшы брові. — У сорак другім раздзеле статута хіба не сказана, што рыцар храма не павінен атрымліваць лістоў нават ад роднага бацькі, не паказаўшы свайму настаяцелю, а чытаць іх не інакш, як у яго прысутнасці?

Ён спачатку бегла прачытаў ліст пра сябе, прычым на твары яго адлюстраваліся здзіўленне і жах. Потым у другі раз перачытаў больш павольна і, урэшце, працягнуўшы яго Конраду, хлопнуў другою рукою па спісаных дошчачках і ўсклікнуў:

— Няма чаго казаць, добрая прычына для ліста ад аднае духоўнае асобы да другое!

Конрад Мон-Фітчет узяў ліст з рук свайго начальніка і пачаў чытаць.

— Чытай голасна, Конрад, — сказаў гросмайстар, — а ты (ён звярнуўся да Ісаака) слухай уважліва, таму што мы зробім допыт адносна таго, што там напісана…

Конрад прачытаў голасна наступнае:

„Эймер, з божай літасці прыёр францысканскага манастыра святой Марыі ў Жарво, сэру Брыяну дэ-Буагільбер, рыцару святога ордэна храмоўнікаў, з пажаданнем добрага здароўя і багатых дароў кавалера Бахуса[1] і дамы Венеры[2]. Што да нас асабіста, дарагі брат, мы ў сучасны момант знаходзімся ў палоне ў нейкіх беззаконных і бязбожных людзей, якія не пабаяліся затрымаць нашу асобу і прызначыць з нас выкуп. Пры гэтым выпадку даведаліся мы і пра няшчасце, што напаткала барона Фрон дэ-Бёф, а таксама аб тым, што ты ўцёк з прыгожай яўрэйскай спакусніцай, якая зачаравала цябе сваімі чорнымі вачамі. Сардэчна ўзрадваліся мы твайму выратаванню ад палону; але тым не менш просім цябе, будзь як можна больш асцярожны адносна гэтай новай эндорскай чараўніцы. Прыватным чынам нам удалося даведацца, што ваш гросмайстар, які нічога не разумее ні ў чорных вачах, ні ў румяных шчоках, едзе да вас з Нармандыі з мэтай перашкодзіць вам весяліцца і спыніць вашы грахі. А таму вельмі раю вам захоўваць асцярожнасць, каб вас засталі пры выкананні вашых святых абавязкаў, як сказана ў пісанні. А з тае прычыны, што бацька яе Ісаак з Іёрка

  1. Бахус — міфічны бог вінаробства і п’янства ў старадаўніх рымлян.
  2. Венера — багіня хараства і кахання, паводле паняццяў старадаўніх рымлян.