Старонка:Айвенго (1934).pdf/256

Гэта старонка не была вычытаная

— Акурат, ваша мужная вялебнасць, — прагаварыў спалоханы Ісаак, — і які будзе патрэбен выкуп з беднага чалавека, я гатоў…

— Маўчаць! — сказаў гросмайстар. — Дачка твая займалася ўрачаваннем, так ці не?

— Як-жа, літасцівы пан, — адказаў Ісаак значна смялей, — і рыцары, і іëмены, і зброяносцы, і васалы бласлаўляюць шчаслівы талент яе. Многія могуць пасведчыць, што яна сваім майстэрствам вылечыла іх, тады як усе іншыя сродкі не дапамагалі.

Бомануар з горкай усмешкай паглядзеў на Конрада.

— Ці бачыш, брат, — сказаў ён, — якія хітрыкі раз’юшанага ворага! Паўстанем на льва! Пойдзем у наступ на загубца! — усклікнуў ён, трасучы ў паветры сваім посахам. Потым, звяртаючыся да яўрэя, ён запытаў:

— Твая дачка лечыць, вядома, шэптамі, знахарскімі словамі і іншымі кабалістычнымі сакрэтамі?

— Нічога падобнага, вялебны і харобры рыцар, — адказаў Ісаак, — лечыць яна галоўным чынам адным бальзамам, які мае цудоўныя ўласцівасці.

— А адкуль яна дастала сакрэт яго саставу? — запытаў Бомануар.

— Яе навучыла нейкая Мірыям, — сказаў Ісаак з замінкаю, — прамудрая старая нашага племені.

— Ага, шэльма! — усклікнуў гросмайстар. — Гэта, напэўна, тая самая Мірыям, агіднасць роду чалавечага, аб учынках і знахарстве якой чуў увесь свет хрысціянскі? Яе цела было спалена ля ганебнага слупа, і попел развеяны ва ўсе чатыры бакі. І няхай тое-ж будзе са мной і з маім ордэнам, калі я не зраблю таго-ж з вучаніцай гэтай ведзьмы! Я яе навучу вядзьмарыць і сваімі чарамі прывабліваць воінаў святога храма!.. Даміян! Гані яго вон за браму… Калі ўздумае ўпірацца ці вяртацца назад, застрэліць яго на месцы. А з дачкою яго мы зробім так, як прадпісвае хрысціянскі закон і як прыстойна нашаму высокаму сану.

Гаротнага Ісаака схапілі за каўнер і выштурхнулі вон з прэсепторыі, не гледзячы на яго просьбы і шчодрыя абяцанкі. Яму нічога больш не заставалася, як вярнуцца