Старонка:Айвенго (1934).pdf/257

Гэта старонка не была вычытаная

ў дом да знаёмага рабіна і праз яго старацца атрымаць хоць якія-небудзь весткі аб лёсе сваёй дачкі.

Гросмайстар загадаў паклікаць да сябе прэсептара мясцовага манастыра Тэмпльстоу.


РАЗДЗЕЛ ХXXVI

АЛЬБЕРТ Мальвуазен, настаяцель або, гаворачы моваю іх ордэна, прэсептар манастыра Тэмпльстоу, быў у вялікім сяброўстве з Брыянам дэ-Буагільбер.

Сярод распусных людзей, якіх было між храмоўнікаў дастатковая колькасць, Альберт з Тэмпльстоу займаў выдатнае месца; але ў адрозненне ад Буагільбера ён умеў прыкрываць свае заганы і распусту ліцамернай заслонай пабожнасці, а сваім знадворным выглядам і манерамі ўмеў выказваць фанатызм, да якога ў душы адносіўся з агідай. Калі-б прыезд гросмайстра не быў такім нечаканым, ён не застаў-бы ў Тэмпльстоу ніякіх недаглядаў, ні адзінай распусты. Нават і цяпер, калі яго засталі раптоўна і да некаторай ступені ўлічылі ў непарадках, Альберт Мальвуазен так лісліва і з такім, відаць, скрушэннем выслухаў дакоры свайго патрабавальнага начальства і так старанна паспяшаўся выправіць такія-сякія недахопы, адным словам, так майстэрскі надаў від аскетычнай пабожнасці цэламу брацтву, якое толькі напярэдадні аддавалася ўсякім свецкім асалодам, што ў Лукі Бомануар склалася куды больш высокае паняцце аб маральнасці мясцовага прэсептара, чым схільны быў думаць, мяркуючы па першых уражаннях.

Але спагадная думка гросмайстра значна пахіснулася, калі ён даведаўся, што Альберт Мальвуазен схаваў у сценах свайго манастыра Рэвеку. Калі Альберт з’явіўся на выклік, гросмайстар сустрэў яго надзвычай сурова.

— У гэтым манастыры, — строга сказаў Бомануар, — знаходзіцца жанчына-яўрэйка, прывезеная сюды адным з нашых браццяў і паселеная тут з вашага дазволу, сэр прэсептар.

Альберт Мальвуазен так збянтэжыўся, што гатоў быў праваліцца скрозь зямлю. Рэвека была паселена ў адной з самых дальніх і сакрэтных частак будынка і былі ўжыты ўсе захады перасцярогі, каб яе прысутнасць заставалася