Старонка:Айвенго (1934).pdf/258

Гэта старонка не была вычытаная

невядомай. У поглядзе, якім глядзеў на яго гросмайстар, прэсептар прачытаў пагібель і сабе і Буагільберу, калі не зможа як-небудзь папярэдзіць надыходзячую буру.

— Што-ж вы маўчыце? — прадаўжаў гросмайстар.

— Ці дазваляецца мне адказваць, — прагаварыў Мальвуазен тонам глыбокай пакоры, хоць па сутнасці сваім пытаннем хацеў толькі выйграць хвіліну часу, каб паспець сабрацца з думкамі.

— Гаварыце, я дазваляю, — сказаў гросмайстар. — Як магло здарыцца, што ты дапусціў аднаго з браццяў прывясці вядзьмарку ў сцены манастыра, каб яго зусім зняславіць?

— Вядзьмарку? — паўтарыў Альберт Мальвуазен. — З намі крыжовая сіла!

— Так, так, брат, вядзьмарку! — строга прагаварыў гросмайстар. — Іменна, як я сказаў. Ці адважышся ты адмаўляць, што гэта Рэвека, дачка Ісаака з Іёрка і вучаніца вядзьмаркі Мірыям, у гэту хвіліну… аб гэтым нават падумаць сорамна… знаходзіцца ў сценах гэтай прэсепторыі, якая даручана твайму нагляду і ахове?

— Дзякуючы вашай мудрасці, вялебны айцец, — сказаў прэсептар, — цёмная заслона ўпала з маіх вачэй. Я не мог надзівіцца, чаму такі мужны рыцар, як Брыян дэ-Буагільбер, мог так захапіцца гэтай жанчынай, і адважыўся прыняць яе ў манастыр уласна з той толькі мэтай, каб спыніць іх далейшае збліжэнне.

— Значыцца, дасюль між імі нічога не было такога, што з’яўлялася-б парушэннем яго зарокаў? — запытаў гросмайстар.

— Як? Пад нашым дахам? — з жахлівасцю прагаварыў прэсептар. — Не, калі я і зграшыў, прыняўшы яе ў наш манастыр, дык толькі дзякуючы памылковаму меркаванню, што такім чынам можна знішчыць безразважную прывязанасць нашага брата да гэтай жанчыны, а яго закаханасць у яе мне здавалася да таго дзіўнай і супроцьнатуральнай, што я міжволі прыпісваў усё гэта прыпадку вар’яцтва і думаў, што лягчэй вылечыць яго спачуваннем, чым дакорам. Але, калі ваша высокашаноўная мудрасць выкрыла, што гэта жанчына займаецца знахарствам, мне стала зразумела і бязглуздае захапленне ёю.