Старонка:Айвенго (1934).pdf/260

Гэта старонка не была вычытаная

— Нашы патомкі ніколі не павераць, каб мог існаваць такі бессэнсоўны фанатызм! — сказаў Буагільбер, у хваляванні ходзячы ўзад і ўперад па пакою.

— Павераць мне ці не павераць, я не ведаю, — спакойна сказаў Мальвуазен, — але рашэнне нашага гросмайстра ўжо прынята.

— Ведаеш, што я прыдумаў, — сказаў Буагільбер. — Ты-ж мне сябра, Альберт! Дапамажы-ж мне… Зрабі так, каб яна магла ўцячы… А я завязу яе куды-небудзь далей, у бяспечнае і патаемнае месца.

— Не магу, калі-б і хацеў, — адказаў прэсептар. — Увесь дом поўны прыслужнікаў гросмайстра ці яго прыхільнікаў. Прытым шчыра кажучы, я-б не жадаў быць умешаным ў гэту гісторыю, хоць бы меў надзею выйсці сухім з вады. Паслухай мае парады, кінь ты гэта паляванне на дзікіх гусей і накіруй свайго сокала на якую-небудзь іншую дзічыну. Падумай, Буагільбер, тваё цяперашняе становішча, твая будучая кар’ера, усё залежыць ад месца, якое ты займаеш у ордэне. Калі-ж ты будзеш упірацца і не адмовшся ад свайго кахання да Рэвекі, памятай, што Бомануар мае права выключыць цябе, выгнаць з ордэна і вядома, ён не міне такога выпадку. Ён рэўніва ахоўвае вярхоўны посах у сваіх старэчых руках і вельмі добра ведае, што ты сам маеш смелыя намеры на гэты посах. Ён цябе загубіць абавязкова, асабліва калі ты яму дасі такую добрую зачэпку, як заступніцтва за „вядзьмарку“. Лепш уступі яму на гэты раз, таму што перашкодзіць усёроўна не можаш. Вось, калі яго посах пяройдзе ў твае ўласныя цвёрдыя рукі, тады можаш рабіць што ты захочаш.

— Мальвуазен, — сказаў Буагільбер, — які-ж ты халодны…

— Сябра, — прадаўжаў прэсептар, спешна перарываючы яго сказ з боязні, каб не было сказана другое, куды горшае слова. — Так, я з халодным сэрцам, а таму і магу даць разумную параду. Яшчэ раз паўтараю, што выратаваць Рэвеку немагчыма. Яшчэ раз гавару табе, што ты і сябе загубіш разам з ёю. Ідзі лепш, пакайся гросмайстру: упадзі да яго ног і скажы яму…