Старонка:Айвенго (1934).pdf/27

Гэта старонка не была вычытаная

лозе майго дома насустрач нават такім гасцям, як ваша вялебнасць і гэты мужны рыцар. Прашу вас таксама выбачыць, што буду гаварыць з вамі на маёй роднай мове і вас прашу зрабіць тое-ж, калі вы настолькі знаёмы з ёю, што гэта вам не будзе цяжка. У супраціўным выпадку я сам настолькі разумею па-нармандску, што разбяру тое, што вы будзеце ласкавы мне сказаць.

— Зарокі, — сказаў абат, — трэба выконваць шаноўны франклін, або, калі дазволіце так сказаць, шаноўны тан, хоць гэты тытул некалькі састарэў. Што-ж тычыцца мовы, я вельмі ахвотна гавару на той гаворцы, на якой гаварыла мая пакойная бабулька, Хільда Мідльгемская.

Калі прыёр скончыў гэту прамову, выказаную з самымі прымірэнчымі намерамі, храмоўнік сказаў адрывіста і ўнушальна:

— Я заўсёды гавару пафранцузску, але настолькі ведаю паанглійску, што магу гаварыць з тубыльцамі гэтай краіны.

Седрык рухам рукі запрасіў гасцей сесці на крэслы ніжэй яго ўласнага, але побач з сабою, пасля чаго падаў знак, каб падавалі яду.

Пакуль прыслуга кінулася выконваць загад, Седрык убачыў у ніжнім канцы залы толькі што ўвайшоўшых свінапаса Гурта і яго спадарожніка Вамбу.

— Паклікаць сюды гэтых гультаёў! — крыкнуў Седрык раздражнёна. — Гэта што значыць, нягоднікі? Чаму вы сёння забавіліся да такой позняй пары? Што-ж, прыгнаў ты свой статак дахаты, ці пакінуў яго валацугам і разбойнікам?

— Статак цэлы, як жадана вашай мосці, — сказаў Гурт.

— Але мне зусім нежадана, шальмец, — сказаў Седрык, — каб ты бітых дзве гадзіны прымушаў мяне чакаць гэтай весткі, а я тут сядзеў і думаў адпомсціць суседзям за такія крыўды, якіх яны мне нарабілі. Памятай, што калі гэта яшчэ раз здарыцца, я загадаю закаваць цябе у кайданы, і ты ў мяне пасядзіш у турме.

Ведаючы запальчывы нораў гаспадара, Гурт і не спрабаваў апраўдвацца, але блазен, які дазваляў сабе куды большую волю ў абыходжанні, адказаў за сябе і за свайго таварыша: