Старонка:Айвенго (1934).pdf/277

Гэта старонка не была вычытаная

супроць майго асуджэння і нават, наколькі я памятаю, сваёю ўласнаю асобаю выступіў на паядынак, каб даказаць маю злачыннасць і падцвердзіць мой прысуд!

— У тваіх словах ёсць праўда, Рэвека, — сказаў Буагільбер, у хваляванні ходзячы ўзад і ўперад па пакою, — але я прыйшоў не за тым, каб абменьвацца з табою папрокамі. Ты памятаеш абрывак пергаментнага скрутка, на якім была напісана табе парада патрабаваць заступніка… Як ты думаеш, хто гэта напісаў, калі не Буагільбер?

— Нядоўгая адтэрміноўка кары смерцю, і больш нічога, — адказала Рэвека. — Нямнога карысці мне ад гэтага… і няўжо нічога іншага ты не мог зрабіць для той, на галаву якой скінуў столькі гора і ўрэшце прывёў на край магілы?

— Не, гэта далёка не ўсё, што я думаў зрабіць для цябе, — сказаў Буагільбер. — Калі-б не праклятае ўмяшанне таго старога фанатыка і дурня Гудольрыка, ролю байца за гонар ордэна належала даручыць не прэсептару, а аднаму з радавых рыцараў. Калі-б гэта так і было, тады я сам, пры першым закліку баявой трубы, з’явіўся-б на бегавішча, вядома, пад выглядам пабочнага рыцара, шукальніка прыгод, і са зброяю ў руках абвясціў-бы сябе тваім заступнікам. І калі-б Бомануар выставіў супроць мяне не аднаго, а хоць двух або трох з прысутных сабратаў, я не сумняваюся, што кожнага па чарзе выбіў-бы з сядла адным маім кап’ём. Вось як я думаў зрабіць, Рэвека; я абараніў-бы тваю бязвіннасць, і ад тваёй асабістай удзячнасці спадзяваўся атрымаць узнагароду за сваю перамогу.

— Навошта ўся гэта напышлівая балбатня? — сказала Рэвека. — Табе быў выбар: ці праліць кроў бязвіннай жанчыны або рызыкнуць сваёй кар’ерай… Што-ж пра гэта гаварыць? Твой выбар зроблены.

— Не, Рэвека, мой выбар яшчэ не зроблены. Табе самой належыць зрабіць яго. Калі я з’яўлюся на бегавішча, я абавязан падтрымаць сваю баявую славу; і тады, ці будзе ў цябе заступнік, ці не будзе, усёроўна, ты памрэш на вогнішчы, прывязаная да слупа, таму што яшчэ не радзіўся той рыцар, які быў-бы мне роўны ў бойцы ці асіліў-бы мяне… за выключэннем толькі Рычарда Львінае Сэрца, ды яго