Старонка:Айвенго (1934).pdf/278

Гэта старонка не была вычытаная

любімца Уільфрэда Айвенго. Але, як табе вядома, Айвенго яшчэ не мае сілы насіць панцыр, а Рычард далёка, у чужаземнай турме. Ітак, калі я выеду на спаборніцтва, ты памрэш.

— Навошта ты гаворыш гэта?

— А таму, каб ты магла з усіх бакоў разгледзець лёс, які цябе чакае, — адказаў храмоўнік.

— Значыцца, — адказала Рэвека, — мне няма чаго чакаць дапамогі.

— Ты вельмі гордая, — сказаў храмоўнік, — але і я табе ў пару. Калі я з’яўлюся на бегавішча ў поўным узбраенні, ніякія меркаванні не перашкодзяць мне пусціць у ход усю маю сілу, усё майстэрства; і тады падумай, які будзе твой лёс, ты памрэш у страшэнных катаваннях горшых злачынцаў… будзеш гарэць у пылаючым агні… нічога не застанецца ад гэтага прыгожага вобразу… не будзе ад цябе нават астанкаў, аб якіх можна-б сказаць: вось што нядаўна жыло і дзейнічала!.. Не, Рэвека, не жаночым сілам пераносіць думку аб такім лёсе… Ты яшчэ ўступіш маім жаданням!

— Бывай, — адказала Рэвека, — не хочу больш траціць слоў з табою.

Храмоўнік выйшаў з пакоя. Прэсептар Альберт Мальвуазен з нецярпеннем чакаў у суседняй зале звароту Буагільбера.

— Як ты забавіўся! — сказаў Альберт. — Я быў як на гарачым вуголлі ад трывогі. Што калі-б гросмайстар або Конрад, яго шпег, уздумалі зайсці сюды? Дорога-б мне каштавала гэта літасць… Але што з табою, брат? Ты ледзь трымаешся на нагах, і твар твой змрочны, як ноч… Ці здаровы ты, Буагільбер?

— Здаровы, — адказаў храмоўнік, — як чалавек, які ведае, што праз гадзіну будзе пакараны. Я амаль адважыўся ісці да гросмайстра, перад самым яго носам адмовіцца ад ордэна і адмовіцца ад той звярынай ролі, якую мне навязала яго свавольства.

— Ты звар’яцеў! — сказаў Мальвуазен. — Такім учынкам ты можаш сапраўды загубіць сваю кар’еру, але гэта не