Старонка:Айвенго (1934).pdf/280

Гэта старонка не была вычытаная

які прыгаварыў яе да кары смерцю; на ім і будзе ляжаць адказнасць за гэту справу, а ён яе паставіць сабе не ў віну, а ў заслугу, вартую ўсякай пахвальбы.

— Гэта праўда, — сказаў Буагільбер, — калі не будзе ў яе заступніка, буду я толькі часткаю пышнага відовішча, гэта значыць з’яўлюся верхам на кані і ў поўным узбраенні, але не буду адыгрываць ніякай ролі ў тым, што будзе далей.

— Разумеецца, — падхапіў Мальвуазен, — будзеш адыгрываць такую-ж ролю, як статуя святога, якую носяць у царкоўнай працэсіі.

— Што-ж, я застануся пры ранейшым рашэнні, — сказаў ганарлівы храмоўнік. — Яна мяне адхіліла… З якой-жа рацыі буду я ёй афяроўваць сваёй славай. Мальвуазен, я выеду на бегавішча.

Сказаўшы гэтыя словы, ён паспешна выйшаў з залы, а прэсептар пайшоў за ім, каб паглядзець за ім, і падтрымаць яго ў прынятым рашэнні. Ён сам быў вельмі зацікаўлены паспяховаю кар’ерай Буагільбера, чакаючы для сябе большых выгод у выпадку, калі ён з часам стане на чале ордэна, не гаворачы ўжо аб надзеях атрымаць месца, абяцанае яму Конрадам Мон-Фітчэтам, з той умовай, каб ён усялякім чынам спрыяў асуджэнню няшчаснай Рэвекі.


РАЗДЗЕЛ ХХХIХ

РЫЦАР, ад’ехаўшы ад Запаветнага Дуба, накіраваўся да суседняга манастыра, невялікага і небагатага і меўшага назву абацтва святога Батольфа, куды пасля падзення замка Торкільстона, пад наглядам вернага Гурта і разам з Вамбай быў адпраўлены паранены Айвенго. Хутка абат разаслаў пасланцоў у розныя бакі, а на другі дзень раніцою Чорны Рыцар сабраўся выязджаць з манастыра, узяўшы з сабою ў праваднікі блазна Вамбу. Перад ад’ездам рыцар звярнуўся да Айвенго і скззаў яму:

— Мы з табою ўбачымся ў Конінгсбургу, у замку памёршага Атэльстана, таму што твой бацька Седрык паехаў туды спраўляць памінкі. Я там пагляджу на тваю саксонскую радню, сэр Уільфрэд, і пазнаёмлюся з ёю бліжэй. І ты туды прыедзь, а я бяру на сябе памірыць цябе з бацькам.