Старонка:Айвенго (1934).pdf/281

Гэта старонка была вычытаная

Сказаўшы гэта, Чорны Рыцар ласкава развітаўся з Айвенго, які выказаў надзвычайнае жаданне праводзіць яго. Але аб гэтым Чорны Рыцар і слухаць не хацеў.

— Сёння адпачывай добра, — сказаў ён, — можа і заўтра яшчэ не зможаш пусціцца ў дарогу. Мне не трэба іншага правадніка, апрача сумленнага Вамбы, ён будзе адыгрываць пры мне ролю манаха або блазна, гледзячы па настрою майго духа.

— А я, — сказаў Вамба, — гатоў служыць вам ад усяго сэрца. Хацелася-б мне таксама прысутнічаць на пахавальным банкеце, і на памінках Атэльстана, таму што, калі яда будзе не вельмі сытная і небезупынная, ён абавязкова ўстане з мёртвых і пачне караць кухароў, прыслугу і краўчага; а гэта такое было-б відовішча, што варта паглядзець. Я ўжо буду спадзявацца на вашу мужнасць, сэр рыцар, каб заступіцца за мяне перад маім гаспадаром, Седрыкам, у выпадку, калі мае дасціпнасці нехопіць.

— А на што-ж табе мая мужнасць, блазен, у тым выпадку дзе нехапае твае вясёлае дасціпнасці? Вырашы мне гэту задачу.

— Бачыце, сэр рыцар, — сказаў блазен, — дасціпнасць годна шмат на што. Калі блазен дагодлівы і наглядальны, ён адразу заўважае, якім вокам сусед яго горш бачыць, і з гэтага боку ўжо і трымаецца, калі сусед пачынае тапырыцца і даваць волю сваім жаданням. А мужнасць — гэта дужы хлопец, які ідзе напралом. Яму нічога і прыліў, і бурны вецер, ведай сабе, грабі вяслом, і прываліць да берага… А таму, добры сэр рыцар, буду я карыстацца толькі ясным надвор’ем у душы майго шляхетнага гаспадара, а ў бурны час, ужо спадзяюся, што вы пастараецеся мяне выручыць.

— Сэр рыцар Вісячага Замка, калі так падабаецца вам называцца, — сказаў Айвенго, — баюся, што вы выбралі сабе ў праваднікі надзвычай балбатлівага і надакучлівага чалавека. Але праўда, што ён ведае кожную сцежку ў лесе не горш любога паляўнічага; і пры тым, як вы часткова і самі бачылі, небарака сумленны і надзейны, як булат.

— Нічога, — адказаў рыцар, — абы ён здолеў паказваць мне дарогу і не бяда, калі ён захоча пацешыць мяне ў дарозе… Ну, бывай, Уільфрэд, ачульвай, братка… і глядзі, я табе зусім забараняю выязджаць, прынамсі, да заўтра.