Старонка:Айвенго (1934).pdf/286

Гэта старонка не была вычытаная

— Цудоўная песня, — прагаварыў Вамба, — клянуся маёй дурной шапкай, вельмі прыгожая песня! Мы яе часта спявалі з Гуртам. Калісь мы з ім разам раслі і былі роўнапраўнымі таварышамі, а цяпер ён сам сабе пан і вольны чалавек! А аднойчы нам з ім дасталася здаравенная пачоска з-за гэтай самай песні. Мы так захапіліся ёю, што дзве гадзіны пасля ўсходу сонца пракачаліся ў ложку, спяваючы яе скрозь сон… З таго часу, як успомню гэты напеў, дык у мяне косці і заныюць…

Потым блазен сам зацягнуў другую песню, нешта падобнае да жартаўлівых прыпевак, а рыцар падхапіў матыў і стаў яму ўторыць.

Пайшла пагалоска паміж землякоў,
Што жджэ маладая ўдава жаніхоў…
Дык вось і з’яўляецца першы з іх:
Ён рыцар шатландскі і горды жаніх…
З’явіўся пан іншы тады ў свой чарод:
Вяльможны, шляхетны, стары яго род…
Пасватаўся іёмен звычайны пасля:
У Кенце яго гаспадарка была.
О так! Іёмен з Кента — усім галава!
Яму не адмовіць ніколі ўдава.

— Шкада, — сказаў рыцар, — шкада што ваш гасцінны гаспадар з-пад Запаветнага Дуба або яго капелан — вясёлы манах — не чулі гэтай тваёй песні ў гонар іёменаў.

— Ну, аб гэтым я ніколі не шкадлую, — сказаў Вамба, — хіба толькі дзеля таго ражка, які вісіць у вас на перавязі…

— Гэта адзнака сяброўства з боку Локслі, але наўрад ці мне калі-небудзь давядзецца пакарыстацца ім. Аднак, я ўпэўнен, што ў выпадку патрэбы варта толькі пратрубіць умоўны знак, і цэлы атрад гэтых слаўных іёменаў з’явіцца на выручку.

— Я-б адмовіўся ад такога гонару, — сказаў блазен, — калі-б я не ведаў, што па міласці гэтага ражка яны ва ўсякі час прапусцяць нас без усякай крыўды.

— Што ты хочаш гэтым сказаць? — запытаў рыцар. — Ці ты думаеш, што каб не гэты заклад прыязні, яны-б на нас напалі?