Старонка:Айвенго (1934).pdf/288

Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, дык я ў вас папрашу дазволу разглядзець бліжэй гэты самы рог, які выдае такія магутныя гукі.

Рыцар адшпіліў засцёжку сваёй перавязі і задаволіў цікавасць свайго спадарожніка, перадаўшы яму ўвесь знарад разам. Вамба ўраз надзеў яго сабе на шыю.

— Тра-ліра-ля! — прасвістаў блазен. — Цяпер і я змагу пратрубіць сігнал, не горш каго іншага.

— Што-ж ты зрабіў, махляр? — сказаў рыцар. — Аддай мне рог.

— Будзьце спакойны, сэр рыцар, ён будзе ў мяне ў цэласці. Калі адвага вандруе поруч з дурнотаю, рог трэба надзяваць на дурноту, таму што яна лепш умее трубіць.

— Сцеражыся, шальмец, — сказаў Чорны Рыцар, — ты злоўжываеш сваімі прывілеямі… Глядзі, не выводзь мяне з цярпення.

— А вы лепш не пагражайце мне, сэр рыцар, — адказаў блазен, ад’ехаўшы на значную адлегласць ад нецярплівага рыцара, — а не то я дам цягу і пакіну адвазе самой шукаць дарогу па лесу, па ўласнаму погляду.

— На гэтым ты мяне злавіў, — сказаў рыцар, — пры тым, хоць гэта і вельмі крыўдна, няма часу мне з табою сварыцца. Лепш пакінь пры сабе рог, толькі паедзем хутчэй.

— А вы не будзеце мяне крыўдзіць? — сказаў Вамба.

— Я табе кажу, што не буду, шальмец ты гэтакі!

— Не, вы перш дайце мне ў гэтым сваё рыцарскае слова, — прадаўжаў Вамба, вельмі баязліва пад’язджаючы.

— Ну, даю табе сваё рыцарскае слова, а ты не марудзь, а паказвай дарогу.

— Добра, — сказаў блазен, пад’язджаючы да рыцара. — Значыцца, адвага з дурнотаю зноў папрыяцельску паехалі поруч. Справа ў тым, што я сапраўды не ахвотнік да такіх зубатычын, якую вы тады ўляпілі вясёламу пустэльніку… І пакацілася яго вялебнасць на траву, быццам хваёвая шышка. Ну, калі дурнота завалодала ражком, няхай адвага крыху распрастае свае члены, ды ўзмахне грывай… Калі не памыляюся, вось у гэтых кустах нас чакаюць добрыя малайцы… Засаду нам зрабілі.