Старонка:Айвенго (1934).pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

У верхнім канцы залы, па той бок ганаровага стала, адчыніліся бакавыя дзверы, і на памост увайшла лэдзі Равена з чатырма служанкамі.

Седрык здзіўлены і непрыемна ўражаны тым, што яго выхаванка ўсё-ж пажадала паказацца гасцям, тым не менш паспяшаў ёй насустрач і, узяўшы за руку, з пачцівай урачыстасцю падвёў яе да ўзвышанага крэсла па правую руку ад свайго месца. Усе ўсталі пры яе з’яўленні; яна-ж, агульным паклонам без слоў адказаўшы на агульную ласкавасць, грацыёзна пайшла да свайго месца за сталом. Але не паспела сесці, як храмоўнік шапнуў абату:

— Не насіць мне вашай залатой маністы на турніры, а хіёскае віно за мною.

— А што я вам гаварыў? — адказаў абат такім-жа шэптам. — Але суцешце свае захапленні, франклін сочыць за вамі.

Не звярнуўшы ўвагі на перасцярогу прыёра і прывыкшы дзейнічаць толькі пад уплывам уласных жаданняў, Брыян де-Буагільбер не спускаў вачэй з саксонскай красуні, якая, напэўна, тым больш уздзейнічала на яго, што была так непадобна на жанчын Усхода.

Равена была надзвычай добрага складу і стройная. Колер яе скуры адрозніваўся асляпляючай белатою. Ясныя блакітныя вочы яе, апухначаныя цёмнымі расніцамі, глядзелі з-пад тонкіх брывей каштанавага колеру, якія рабілі выразістым яе лоб. Калі звычайным выразам яе твара была лагоднасць, дык прывычка ўладарыць і прымаць усеагульнае пакланенне надавала абліччу гэтай саксонскай дзяўчыны нейкі велічны характар. Густыя валасы светларусага адцення былі завіты у мноства локанаў, якія грацыёзна былі апушчаны на яе плечы — адзнака прыналежнасці да свабоднага саслоўя. На адкрытых руках яе былі бранзалеты. Адзенне складалася з ніжняга шоўкавага плацця бледна-зялёнага колеру марской вады, паверх якога надзета было другое, доўгае і прасторнае, што даставала да самай зямлі, з вельмі шырокімі рукавамі, даходзячымі аж да локцяў. Гэта верхняе плацце было пунцовае, сатканае з самай тонкай шэрсці. Да верхняй часткі яго было прымацавана лёгкае шоўкавае пакрывала з залатым узорам, якое па жаданню можна было на-