Старонка:Айвенго (1934).pdf/292

Гэта старонка не была вычытаная

З гэтымі словамі ён досыць бесцэрамонна сцягнуў шлем з галавы Сіняга Рыцара, і ўсе ўбачылі сівыя кучары і твар, які Чорны Рыцар ніяк не чакаў сустрэць пры падобных умовах.

— Вальдэмар Фіц-Урс, — усклікнуў ён у здзіўленні, — што магло падбухторыць чалавека, памятаецца, добрай рэпутацыі, узяцца за такую агідную справу?

— Рычард, — адказаў палонны, — дрэнна-ж ты ведаеш людзей, не ведаеш, да чаго могуць давясці ганарлівасць і мсцівасць.

— Мсцівасць? — паўтарыў Чорны Рыцар. — Але я ніколі не крыўдзіў цябе. За што-ж ты мне помсціш?

— За маю дачку, Рычард, на якой ты не захацеў жаніцца…

— Твая дачка? — сказаў Чорны Рыцар. — Вось дзіўная прычына для варожасці, давёўшая нават да крывавай расправы! Адыдзіце прэч, панове, мне трэба пагаварыць з ім сам-на-сам. Ну, Вальдэмар Фіц-Урс, цяпер гавары чыстую праўду, прызнавайся, хто цябе падбіў на гэта здрадніцтва?

— Сын твайго бацькі, — адказаў Вальдэмар.

Вочы Рычарда бліснулі гневам. Ён правёў рукою па лбу і з хвіліну стаяў, гледзячы на барона, у рысах якога гордасць змагалася з сорамам.

— Ты не просіш пакінуць сабе жыццё, Вальдэмар? — сказаў кароль.

— Хто папаў у лапы льва, той ведае, што гэта бескарысна, — адказаў Фіц-Урс.

— Дык бяры яе, няпрошаную, — сказаў Рычард, — леў не есць падлы. Дарую табе жыццё, але з той умовай, каб у працягу трох дзён ты пакінуў Англію і ніколі не ўспамінаў імя Іоана Анжуйскага ў сувязі з гэтым здрадніцтвам. Локслі, бачу я, што вашы іёмены паспелі палавіць ужо ўсіх разбегшыхся коняй. Дайце аднаго каня гэтаму рыцару і адпусціце яго.

— Каб у тваім голасе не пачулася мне, што нельга пярэчыць, — адказаў іёмен, — я-б з ахвотаю паслаў услед гэтаму агідніку добрую стралу… каб пазбавіць яго ад доўгага вандравання.

— Ты чуццём адгадаў, Локслі, — сказаў Чорны Рыцар, — што абавязан мяне слухацца. Я — Рычард, кароль Англіі.