Старонка:Айвенго (1934).pdf/293

Гэта старонка не была вычытаная

Усе іёмены, як адзін чалавек, шаноўна выказалі сваю гатоўнасць служыць Рычарду, і прасілі даравання за свае злыя ўчынкі.

— Сябры мае! — сказаў Рычард, гледзячы на іх з вясёлай прыветлівасцю, якая паспела змяніць на яго твары выраз гневу. — Вашы прыгоды як па лесах, так і па чыстаму полю акупаюцца службаю, якую вы саслужылі маім няшчасным падданым пад сценамі Торкільстона, а таксама і тым, што сёння выручылі мяне з бяды. Устаньце, мае васалы і добрыя грамадзяне… А ты, адважны Локслі…

— Не завіце мяне больш Локслі, гасудар, і ведайце тое імя, якое атрымала тую шырокую вядомасць, што, можа, дайшло і да вашага слыху… Я — Робін Гуд з Шэрвудскіх лясоў.

— Значыцца, кароль вольніцы і правадыр добрых малайцоў? — сказаў Рычард. — Хто-ж не ведае твайго імя! Яно прагрымела да самай Палестыны!.. Але будзь упэўнены, мой слаўны ваяка, ні адна справа, зробленая ў маю адсутнасць і ў пароджаныя ёю неспакойныя часы, не будзе мною залічана табе за злачынства… Э-э, Вамба, і ты тут! Я так даўно не чуў твайго голасу, што думаў, што ты выратаваўся ўцёкамі.

— Гэта я выратаваўся ўцёкамі? Як-бы не так, — сказаў Вамба. — Калі-ж відана, каб дурнота добраахвотна раставалася з адвагаю? Вось ляжыць афяра майго мяча, слаўны шэры… мерын… Я-б меў за лепшае, каб ён быў здароў і стаяў на сваіх нагах, а на яго месцы валяўся-б яго гаспадар… Спачатку я крыху сплашаў, гэта праўда, таму што стракатая куртка не такая ўжо моцная абарона ад вострых коп’яў, як сталёвы панцыр. Але хоць я і не ўвесь час біўся мячом, згадзіцеся, што я першы пратрубіў на збор.

— І вельмі своечасова ты гэта зрабіў, сумленны Вамба, — сказаў Рычард. — Я не забуду гэтага.

— Каюся… каюся… — усклікнуў недалёка пакорны голас. — Ох, нават латынь уся з галавы вылецела…

Рычард аглянуўся і ўбачыў вясёлага пустэльніка, які збянтэжана перабіраў ружанец, а дубінка яго ляжала на траве побач з ім. Ён зрабіў такую міну, якая, паводле яго думкі, павінна была выказваць найглыбокую скруху, закаціў