Старонка:Айвенго (1934).pdf/294

Гэта старонка не была вычытаная

вочы, а вуглы рота апусціў уніз, быццам кутасікі каля ворота каліты, як кажа Вамба. Аднак усе гэтыя адзнакі надзвычайнага раскаяння былі тым больш падазроныя, што скрозь іх выглядвала моцнае жаданне разрагатацца, і вочы яго так блішчэлі, што і страх, і пакаянне былі, відавочна, прытворныя.

— Ты чаго засмуціўся, шалёны манах? — сказаў Рычард. — Ты баішся, што твой епіскап даведаецца, як старанна ты служыш малебны святому Дунстану?.. Не бойся, брат. Я ніколі не выдаю тых сакрэтаў, пра якія даведваюся за пляшкай віна.

— Нічуць не, — адказаў пустэльнік (брат Тук), — мне не страшны посах епіскапа. Падумаць страшна, што мой паганы кулак адважыўся дакрануцца каралеўскага вуха!

— Ха-ха, — рассмяяўся Рычард, — вось адкуль вецер дзьме! А я быў і забыўся пра твой тумак, хоць пасля таго ў мяне ўвесь дзень у вуху звінела. Праўда, аплявуха была выдатная, але я спашлюся на пасведчанне гэтых добрых людзей, хіба я не адплаціў табе гатоўкаю? Аднак, калі лічыш, што я ў цябе ў даўгу, я гатоў у гэту хвіліну…

— О, не, — адказаў манах, — я сваё атрымаў поўнасцю ды яшчэ з лішкам… А ўсё-ж, — сказаў пустэльнік, зноў зрабіўшы плаксівую міну, — я не ведаю, якое будзе наложана на мяне пакаранне за той удар.

— Пра гэта, брат, і гаварыць не варта, — сказаў Рычард. — Мне столькі даставалася ўдараў, што няма прычыны крыўдзіцца на адну-адзіную аплявуху ад такога святога чалавека, як алтарнік з Копмангерста. А ці не лепш будзе, мой сябра, калі я здабуду табе дазвол зняць з сябе духоўны сан і вазьму ў сваю варту, каб ты гэтак-жа старанна ахоўваў маю асобу, як раней ахоўваў алтар Дунстана?

— Пакорна прашу, — сказаў манах, — дараваць мне і зволіць ад такога рашэння… Калі-б вы ведалі, да чаго я разгультаіўся!.. Святы Дунстан стаіць сабе спакойна ў сваёй рамцы, хоць я і забываюся часам пра яго, палюючы за якім-небудзь аленем… І ноччу часам адлучаюся з келлі, займаючыся глупствам, а Дунстан ні гу-гу!.. Самы спакойны гаспадар, ужо сапраўды міратворац, хоць і выразаны з дрэва… Калі-ж буду я іёменам і целахраніцелем пры табе, яно, вядома, гонар вялікі… але варта мне крыху адхінуцца ў бок,