Старонка:Айвенго (1934).pdf/296

Гэта старонка не была вычытаная

сем мёртвых цел. Не менш здзівіла яго і тое, што той быў акружаны такім мноствам народу, з выгляду падобных на вольных лясных іёменаў. Ён не ведаў, як яму трэба абыходзіцца з Рычардам, ці так, як з каралём, ці як з вандроўным Чорным Рыцарам… Рычард вывеў яго з клопатаў.

— Нічога не бойся, Уільфрэд, — сказаў ён, — тут можаш прызнаваць мяне Рычардам Плантагенетам.

— Але што адзначаюць гэтыя злавесныя адзнакі? Што тут за мёртвыя целы і чаму панцыр ваш апырсканы крывёю?

— У нас тут былі здраднікі, Айвенго… Але між іншым, я зараз толькі сцяміў, што ты таксама здраднік, — дадаў Рычард, усміхаючыся, — і вялікі непаслушнік. Ці не я строга забараніў табе выязджаць з Батольфскага абацтва, покуль не загаіцца твая рана?

— Яна загаілася, — сказаў Айвенго, — застаўся адзін знак, як ад кінжала.

— Я не здарма скрываў тое, што я знаходжуся тут, — прагаварыў Рычард, — і яшчэ некаторы час абавязан заставацца ў невядомасці, як ужо казаў табе ўчора ў абацтве св. Батольфа… Гэта патрэбна для таго, каб даць час маім сябрам і прыхільнікам сабраць свае дружыны. А калі стане вядома, што Рычард вярнуўся, трэба, каб я ўжо стаяў на чале такога вялікага войска, каб адразу застрашыць ворагаў і прыдушыць задуманы мяцеж, не выняўшы ні аднаго мяча. Пройдуць яшчэ суткі, перш чым Эстотвіль і Богун набяруць досыць сіл, каб рушыць на Іёрк. Спачатку трэба атрымаць весткі з поўдня, ад Сольсберы, ды ад Бошана з графства Варвікскага, а потым яшчэ з поўначы, ад Мультона і Персі. Тымчасам лорд-канцлер павінен яшчэ заручыцца дапамогай Лондана. Вельмі раптоўнае маё з’яўленне можа стварыць мне такія небяспекі, ад якіх не абароняць мяне ні мой уласны добры меч, ні меткія стрэлы адважнага Робіна, ні дубінка шаноўнага пустэльніка, ні паляўнічы рог мудрага Вамбы.

— А што, Робін, — звярнуўся да яго Рычард, — ці не знойдзецца ў вас чаго-небудзь перакусіць? Я павінен прызнацца, што гэтыя зухаватыя здраднікі, якія прымусілі мяне добра папрацаваць, абудзілі мой апетыт.