Старонка:Айвенго (1934).pdf/297

Гэта старонка не была вычытаная

— Па праўдзе сказаць, — адказаў Робін Гуд, — а хлусіць мне зусім не ахвота… нашы харчовыя запасы складаюцца галоўным чынам з… — ён запнуўся і, відаць, быў збянтэжаны.

— З дзічыны, напэўна? — весела падказаў Рычард. — Што-ж лепш такой яды?

Робін Гуд пайшоў наперад, паказваючы дарогу, а Рычард ішоў за ім.

У цяні велізарнага дуба наспех прыгатавана была простая яда. Калі пайшла ў ход пляшка з віном, пачаліся песні, прыпеўкі, успомнілі баявыя ўчынкі. Рычард смяяўся, кпіў і жартаваў, не адстаючы ад вясёлай кампаніі. Прыроджаны здаровы розум Робін Гуда ўнушаў яму жаданне хутчэй скончыць гэту пагулянку, покуль ніхто яшчэ не парушыў агульнай згоды.

— Гэй, Скатлок, — паклікаў Робін Гуд аднаго з сваіх дружыннікаў, — ідзі стань вось там, за кустамі, і пратрубі мне нармандскі сігнал на тваім ражку… Ды спрытней у мяне, хутка!

— Скатлок паслухаў свайго капітана, і не прайшло пяці хвілін, як пачуўся гук яго ражка і ўсе ўскочылі з месц.

— Гэта сігнал Мальвуазена! — сказаў Мельнік, схамянуўшыся і хапаючыся за свой лук. Пустэльнік упусціў пляшку і ўзяўся за дубінку. Вамба папярхнуўся на нейкай прыказцы і пачаў шукаць свой меч і шчыт. Усе астатнія таксама ўзяліся за зброю.

Людзям, якія так жывуць, нярэдка здараецца пераходзіць непасрэдна ад абеда да бойкі, а для Рычарда такі пераход быў нават асабліва прыемны. Ён крыкнуў, каб яму падалі яго шлем і тыя з найбольш цяжкіх узбраенняў, якія ён зняў перад ядою. Покуль Гурт дапамагаў яму надзяваць іх, ён старанна ўгаварваў Уільфрэда, пад страхам свайго гневу, не прымаць удзелу ў пабоішчы, якое лічыў немінучым.

— Зрабі мне прыемнасць сёння, сядзі смірна.

Між тым Робін Гуд разаслаў людзей у розныя бакі, быццам на выведку, і калі пераканаўся, што бяседнікі разышліся і полудзень скончаны, падышоў да Рычарда і папрасіў у яго выбачэння.