Старонка:Айвенго (1934).pdf/298

Гэта старонка не была вычытаная

— За што гэта! — прагаварыў Рычард раздражнёна. — Здаецца я ўжо абвясціў табе поўнае памілаванне за ўсе мінулыя злыя ўчынкі! З таго часу ты-ж, спадзяюся, не паспеў ні ў чым больш правініцца?

— У тым-то і справа, што паспеў, — адказаў іёмен. — Той рог, які вы пачулі, зусім не Мальвуазена: гэта я сам загадаў трубіць, з мэтаю спыніць гулянне, таму што я думаў, што яно адбірае шмат дарагога часу, патрэбнага для іншага, больш важнага ўжытку.

Чырвань гневу заліла шчокі Рычарда, але гэта была толькі хвілінная ўспышка.

— Гэта значыць, што шэрвудскі кароль пашкадаваў свае дзічыны і віна для караля Англіі? — сказаў Рычард. — Ну, добра-ж, адважная галава! Калі прыедзеш да мяне ў госці ў вясёлы Лондан, я табе пакажу, што я больш хлебасольны за цябе. Аднак, ты праў, добры маладзец! Значыцца на коняй, ды і ў дарогу. Паедзем-жа з лёгкім сэрцам у Конінгсбург.

Рычард разам з Айвенго, Гуртам і Вамбаю шчасліва праехалі па вызначанаму шляху і яшчэ завідна даехалі да замка Конінгсбург.

Мала ёсць у Англіі мясцовасцей больш прыгожых і выдатных, чым ваколіцы гэтай старадаўняй цвярдыні. Сярод бугроў, якія размясціліся амфітэатрам, цячэ ціхая і поўнаводная рака Дон, абросшая лесам, уперамешку з апрацаванымі нівамі, а на гары, над самай ракою, узнімаецца акружаны моцнымі сценамі і глыбокімі ровамі старадаўні замак, саксонская назва якога паказвае, што да заваявання нармандцамі тут была рэзідэнцыя англійскіх каралёў.

Калі Рычард Львінае Сэрца са сваімі спадарожнікамі пад’ехаў да гэтага нязграбнага, але велічнага будынка, вакол яго яшчэ не было тых крэпасных сцен, якімі яно акружана цяпер. Саксонскі будаўнічы вычарпаў усё сваё майстэрства на найлепшую абарону галоўнага будынка, а знадворку нічым не агарадзіў яго, і ён быў проста абнесены звычайным грубым частаколам.

Вялікі чорны сцяг, вывешаны наверсе галоўнай вежы, паведамляў аб тым, што хаўтурныя ўрачыстаці ўсё яшчэ прадаўжаюцца і цела гаспадара дома яшчэ не аддана зямлі…