Старонка:Айвенго (1934).pdf/299

Гэта старонка не была вычытаная

У бліжэйшых ваколіцах замка панавала надзвычайнае ажыўленне: такія хаўтурныя ўрачыстасці ў тыя часы адзначаліся самай шырокай гасціннасцю, якой карысталіся не толькі ўсе сваякі і знаёмыя пакойніка, але ўсе прахожыя, хто толькі мог захацець. А ў гэтым выпадку багацтва памёршага Атэльстана давяло звычайнае хлебасольства да самых шырокіх памераў.

Шматлікія групы народу бесперапынна ішлі ўверх па гары, на якой стаяў замак, або вярталіся адтуль, а калі Рычард і яго спадарожнікі праніклі праз адчыненую насцеж браму знадворнага частакола, яны ўбачылі відовішча досыць несумясцімае з самаю прычынаю такога зборышча. У адным куце агарожы кухары смажылі цэлых быкоў і сытых авечак; у другім прыслуга свідравала бочкі з півам, аддаючы іх у поўнае распараджэнне прахожых. Усюды сядзелі на зямлі кучкі людзей усякага звання, якія ўпляталі багаты пачастунак і запівалі яго тым-жа хатнім півам.

Тут-жа туляліся цэлымі дзесяткамі жабракі, чаргуючыся з салдатамі, якія быццам звярнуліся з Палестыны, з разносчыкамі дробнага тавару, з вандроўнымі майстрамі, якія шукаюць работы; тут-жа розныя вандроўнікі, багамольцы, самазваныя манахі, саксонскія менестрэлі і валійскія барды мармыталі малітвы і выцягвалі нястройныя гукі з сваіх арфаў, шасціструнных скрыпіц і калёсных гітар. Адзін апяваў Атэльстана, другі стварыў цэлую радаслоўную паэму, памінаючы нараспеў імёны яго продкаў. Не было недахопу і ў штукарах і жартаўніках. Толькі рэдка хто-небудзь успамінаў, па якой прычыне яны сюды папалі, і ўсе мужчыны разам браліся стагнаць, а жанчыны (іх таксама было нямала) — лямантаваць і галасіць.

З’яўленне сапраўдных рыцараў, як было відаць па знадворнаму выгляду Рычарда і Айвенго, было досыць рэдкім з’явішчам пры саксонскіх урачыстасцях. Таму дварэцкі ў траурнай вопратцы і з белым посахам у руцэ (адзнакай яго звання) выступіў наперад і прачысціў дарогу сярод рознакаляровага натоўпу, даючы магчымасць гасцям прайсці да ўвахода ў вежу.

Гурт і Вамба засталіся на дварэ.