Старонка:Айвенго (1934).pdf/303

Гэта старонка не была вычытаная

— Дазвольце вам напомніць, шляхетны тан, — сказаў ён, — што, калі мы з вамі ў апошні раз расставаліся, вы абяцалі за тыя паслугі, якія мне ўдалося аказаць вам, з свайго боку зрабіць мне падарунак.

— Усё што хочаце, шляхетны рыцар, — сказаў Седрык, — але ў такую смутную хвіліну…

— Я і пра гэта падумаў, — сказаў Рычард, — але ў мяне мала вольнага часу; пры тым мне здаецца, што ў той час, калі мы апусцім у магілу шляхетнага Атэльстана, было-б прыстойна пахаваць разам з яго астанкамі некаторыя забабоны і несправядлівыя меркаваняі.

— Сэр рыцар Вісячага Замка, — сказаў Седрык, пачырванеўшы і ў сваю чаргу перапыняючы госця, — я спадзяюся, што падарунак, які вы просіце, датычыць толькі вашай асобы; ва ўсё, што адносіцца да гонару майго дома, пабочнаму чалавеку не прыстойна ўмешвацца.

— Я і не хочу ўмешвацца, — сказаў кароль мякка, — да таго часу, прынамсі, покуль вы не прызнаеце, што я на гэта маю некаторае права. Да гэтага часу вы мяне ведалі пад прозвішчам Чорнага Рыцара Вісячага Замка… Ведайце, што я Рычард Плантагенет.

— Рычард Анжуйскі! — усклікнуў Седрык, адступаючы ў здзіўленні.

— Не, шляхетны Седрык, я — Рычард, кароль англійскі. А цяпер вернемся да мае просьбы, — прадаўжаў Рычард, — і я яе выкажу проста і адкрыта. На падставе данага табою слова прашу, каб ты дараваў і зноў прыняў у свае бацькоўскія абдымкі добрага рыцара Уільфрэда Айвенго. Згадзіся, што ў гэтым прымірэнні і я асабіста зацікаўлены, таму што яно датычыць шчасця майго сябра і павінна спыніць сумны разлад.

— А гэта Уільфрэд? — прагаварыў Седрык, паказваючы на сына.

— Татачка, татка, — усклікнуў Айвенго, падаючыся да яго, — даруй мне!

— Дарую, сын мой! — сказаў Седрык, паднімаючы яго з падлогі. — Я ведаю, як трымаць сваё слова, нават калі яно дадзена нармандцу. Але ты павінен насіць вопратку нашых