Старонка:Айвенго (1934).pdf/304

Гэта старонка не была вычытаная

англійскіх продкаў… У маім старадаўнім доме каб не было куртатых плашчоў, стракатых шапачак і вычварных пер’яў!.. Ты, я бачу, хочаш нешта сказаць, і я наперад ведаю, пра што будзе гутарка. Ведай, што лэдзі Равена два гады будзе хадзіць у жалобе, як па мужу; усе нашы саксонскія продкі адмовіліся-б ад нас, калі-б мы ўздумалі клапаціцца аб другім саюзе, яшчэ не паспеўшы апусціць у магілу таго, з кім яна павінна была пабрацца. Сам Атэльстан парваў-бы свае натрунныя апоны, і здань яго стала-б перад намі, каб перашкодзіць такой знявазе яго памяці.

Толькі што Седрык паспеў прагаварыць гэтыя словы, як дзверы адчыніліся і на парозе ў даўгім саване, бледны і схудалы, з’явіўся Атэльстан.

Гледачы былі ўзрушаны. Седрык падаўся назад, наколькі дазвалялі памеры пакоя і, прысланіўшыся да сцяны, як-бы не маючы сілы ўтрымацца на нагах, уставіўшы на свайго сябра мутны і пільны погляд, стаяў з раскрытым ротам.

У ніжнім паверсе чуваць была надзвычайная мітусня і крыкі: „Трымай іх, манахаў-здраднікаў! Засадзіць іх у падзямелле! Скінуць іх з вежы!“

— Заклінаю цябе, — прашаптаў Седрык, звяртаючыся да таго, каго прызнаваў за здань свайго памёршага сябра, — калі ты маеш цела, гавары!.. Калі-ж ты дух, скажы, чаго ты зноў з’явіўся сярод нас? Жывы ці мёртвы, шляхетны Атэльстан, адкрыйся Седрыку!

— Пачакай, — адказала здань вельмі спакойна, — дай спачатку перадыхнуць. Ці жывы я, ты запытаў? Ужо іменна ледзь жывы, як чалавек, які тры дні карміўся толькі хлебам і вадою… Трое сутак, але яны мне здаліся трыма вякамі! Разумееш, айцец Седрык, на хлебе і вадзе! Іншай яды ў мяне ў роце не было, цэлых трое сутак…

— Як-жа так, шляхетны Атэльстан, — сказаў Чорны Рыцар, — я сам бачыў, як вы ўпалі ад рукі шалёнага храмоўніка ў канцы нашай бойкі ў Торкільстоне; я думаў ды і Вамба нам гаварыў, што вам прарубілі чэрап аж да зубоў.

— Думалі вы няправільна, сэр Рыцар, а Вамба проста схлусіў, — сказаў Атэльстан. — Зубы ў мяне цэлюткія, і гэта я дакажу сёння за вячэраю… Аднак, гэтым я ніколькі не