Старонка:Айвенго (1934).pdf/308

Гэта старонка не была вычытаная

верх. Даў я яму некалькі разоў у кіршэнь і пакінуў валяцца на падлозе, потым набраў у сумку печанага мяса і скураную бутлю віна, якім частаваліся вялебныя айцы, пайшоў у канюшню і ў асобным стойле знайшоў лепшага свайго скакуна, відаць схаванага вельмі шаноўным абатам для ўласнай патрэбы. Я імчаўся сюды з усіх сіл, і ўсюды народ у пярэпалаху разбягаўся пры маім з’яўленні, прымаючы мяне за здань, тым больш, што я, баючыся быць спазнаным, апусціў налічнік савана зусім на твар. Мяне-б і ва ўласны замак не ўпусцілі-б, калі-б не думалі, што я з’яўляюся памочнікам штукара, які з вялікім поспехам цешыць народ на дварэ, што досыць дзіўна, прымаючы пад увагу, што яны тут сабраліся на пахаванне свайго гаспадара… Дварэцкі падумаў, што я знарок так убраўся для ўдзелу ў прадстаўленні і ўпусціў мяне ў замак. Тут я з’явіўся толькі да маці, ды наспех перакусіў, а потым і пайшоў шукаць вас, мой шляхетны сябра.

— І застаеш мяне, — сказаў Седрык, — гатовым безадкладна аднавіць нашы саксонскія планы наконт гонару і свабоды. Не пазней, як заўтра, зоймемся вызваленнем шляхетнага саксонскага племя!

— Калі ласка, не гавары ты мне аб гэтых вызваленнях, — сказаў Атэльстан. — Дзякуй, што хоць сам я выйшаў на волю. Мне цяпер куды цікавей добра пакараць агідніка абата. Павешу яго на самым версе конінгсбургскай вежы, як ёсць, у стыхары і ў епітрахілі, а калі яго сытая ўтроба не пралезе там па ўсходах, загадаю ўсцягнуць яго па знадворнай сцяне.

— Як-жа, сын мой, — сказала лэдзі Эдзіф, — падумай аб яго сане.

— Я думаю аб сваім трохдзённым пасце, — адказаў Атэльстан, — і хочу ўсіх іх знішчыць, усіх да аднаго. Вось Фрон дэ-Бёф згарэў зажыва, а вінаваты быў менш іх, таму што карміў сваіх палонных досыць добра, толькі ў апошні раз у поліўку палажыў вельмі шмат часнака. А гэтыя ліцамеры, няўдзячныя агіднікі!.. Колькі разоў самі лісліва напрошваліся да мяне на абед, а мне нябось, не далі ні поліўкі, ні часнака… Усіх пакараю!