Старонка:Айвенго (1934).pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

і змясціўся крокі на два ззаду крэсла гаспадара. Седрык час-ад-часу даваў яму туды яду са свае талеркі.

— Ужо гэтыя мне перамір’ї з бязбожнікамі! — ускрыкнуў блазен, не звяртаючы ўвагі на тое, што перабіў гутарку гордага храмоўніка, — яны мяне зусім састарылі!

— Як так, шальмец, што гэта значыць? — сказаў Седрык, з відавочным задавальненнем чакаючы новага жарту.

— А то як-жа, — адказаў Вамба, — на маім вяку было ўжо тры такіх перамір’і і кожнае на пяцьдзесят год; падлічы-ж, і атрымліваецца, што мне ўжо стукнула год паўтараста.

— Ну, я ручаюся, што ты памрэш не ад старасці, — сказаў храмоўнік, спазнаўшы ў ім чалавека, якога яны сустрэлі ў лесе, — табе на раду напісана памерці гвалтоўнай смерцю, калі будзеш так-жа збіваць з дарогі праезджых, як сёння збіваў нас з абатам.

Гутарка была перапынена з’яўленнем слугі, які прыйшоў далажыць, што каля варот стаіць яшчэ адзін вандроўнік і просіцца пусціць яго нанач.

— Упусціць яго, — сказаў Седрык, — хто-б ён не быў, усёроўна! У такую бурную ноч, якая бушуе цяпер на дварэ нават дзікія зверы шукаюць апекі ў самага злога ворага свайго, чалавека, абы толькі не загінуць ад разышоўшайся стыхіі. Дайце яму ўсяго, у чым ён мае патрэбу. Освальд, прыгледзець добра за гэтым.

Краўчы мігам выйшаў з залы.


РАЗДЗЕЛ V

ОСВАЛЬД вярнуўся і, нахіліўшыся да вуха свайго гаспадара, прашаптаў:

— Гэта Ісаак з Іёрка. Прывесці яго проста сюды?

— Як! — ускрыкнуў храмоўнік. — Нейкага там Ісаака ўпусціць у адзін пакой з абаронцамі святой труны.

— Бачыш ты, — сказаў Вамба, — храмоўнікі, значыцца, любяць толькі грошыкі яўрэяў, а кампаніі іх не любяць.

— Супакойцеся, ганаровыя госці, — сказаў Седрык, — мая гасціннасць не можа кіравацца вашымі антыпатыямі. Дайце яму столік і накарміце.