Старонка:Айвенго (1934).pdf/311

Гэта старонка не была вычытаная

Усе глядзелі на браму. Яшчэ больш народу акружала бегавішча прэсепторыі. То была гладкая палянка, якая прылягала да сцен манастыра і старанна зраўнаваная для ваенных і рыцарскіх практыкаванняў членаў ордэна. Яна займала мяккі схіл пакатага бугра, была агароджана моцным частаколам, і дзякуючы таму, што храмоўнікі з ахвотаю запрашалі жадаўшых паглядзець на іх майстэрства і рыцарскія ўчынкі, вакол арэны было пабудавана шмат галярэй і настаўлена ўслонаў для гледачоў.

Ва ўсходнім канцы бегавішча зроблены быў трон для гросмайстра, акружаны ганаровымі крэсламі для прэсептараў і рыцараў ордэна. Над гэтымі месцамі развяваўся сцяг, які называўся „босэан“, і быў эмблемаю храмоўнікаў, таксама як яго назва была іх ваяўнічым поклічам.

У супроцьлеглым канцы бегавішча, вакол слупа, глыбока ўкапанага ў зямлю, навалены былі дровы і ахапкі ламачча, паміж якімі быў праход для афяры, прызначанай на спаленне. Да слупа былі прышрубаваны і ланцугі, якімі павінны былі звязаць яе для гэтай мэты. Каля прыгатаванага вогнішча стаялі чатыры чорнаскурых нявольнікі, іх чорныя твары і афрыканскія рысы, у той час мала знаёмыя англійскаму насельніцтву, наводзілі жах на натоўп.

Пачуўся ўдар у вялікі звон царквы святога Міхаіла, старадаўняга будынка, які ўзвышаўся сярод невялікай вёскі, у некаторай адлегласці ад прэсепторыі. Натоўп прыціх. Адзін за другім гучэлі рэдкія і магутныя ўдары, якія агалашалі ваколіцы працяжнымі адгалоскамі. Журботны звон, які апавяшчаў пачатак цэрамоніі, прымусіў здрыгануцца прысутных. Усе пачалі глядзець на сцены прэсепторыі.

Урэшце пад’ёмны мост апусціўся, брама адчынілася, і выехалі спачатку рыцар са сцягам ордэна, спераду якога ехалі шэсць трубачоў; за ім прэсептары, па два ў рад; потым гросмайстар, верхам на надзвычайна добрым кані, у самым простым убранні. За ім Брыян дэ-Буагільбер у бліскучым баявым узбраенні, але без зброі: яго кап’ё, шчыт і меч неслі за ім яго зброяносцы.

Ён быў бледны, як смерць, і відаць было, што не спаў некалькі начэй. Аднак ён кіраваў канём прывычнаю