Старонка:Айвенго (1934).pdf/312

Гэта старонка не была вычытаная

рукою спрытнага конніка і лепшага байца ордэна храмоўнікаў.

Паабапал яго ехалі Конрад Мон-Фітчэт і Альберт Мальвуазен, якія выконвалі ролю даручнікаў баявога рыцара. Яны былі ў даўгіх беласнежных вопратках, прысвоеных членам ордэна ў мірны час. За імі ехалі іншыя рыцары і даўгая чарада зброяносцаў і пажаў, апранутых у чорнае: гэта былі паслушнікі, якія дамагаліся гонару з часам стаць рыцарамі ордэна. Пасля іх ішоў атрад пешай варты, таксама ў чорных вопратках, і сярод іх бердышоў паказалася бледная постаць падсуднай, якая ціхімі, але цвёрдымі крокамі ішла да месца, дзе павінен быў вырашыцца яе лёс.

З яе знялі ўсё ўбранства. Замест яркіх усходніх тканін на ёй была белая кашуля з самага грубага матэрыялу. Але ў выразе яе твара была тая помесь адвагі з пакорнасцю лёсу, што нават у гэтым адзенні, без усялякіх украс, акрамя яе ўласных даўгіх чорных кос, яна ўнушала спачуванне, і ніхто не мог на яе глядзець без слёз.

Следам за афяраю ішоў натоўп служкаў прэсепторыі; яны ішлі ў надзвычайным парадку са складзенымі рукамі і апусціўшы вочы ў землю.

Уся працэсія павольна паднялася на пахілы ўзгорак, наверсе якога было бегавішча, пранікла ў сярэдзіну агарожы, абышла яе наўкола справа налева і, дайшоўшы зноў да той-жа брамы, спынілася. Тут адбылася невялікая замінка. Гросмайстар і ўсе астатнія коннікі, акрамя Буагільбера і яго даручнікаў, сышлі з коняй, якіх зараз-жа павялі за агарожу коннікі і зброяносцы, што былі пры рыцарах.

Рэвеку павялі да чорнага стула, пастаўленага каля вогнішча.

Пры першым поглядзе на страшнае месца, дзе ўсё было прыгатавана для таго, каб учыніць ёй пакутную смерць, яна здрыганулася, закрыла вочы, і губы яе зашавяліліся, але яна нічога не сказала ўголас. Праз хвіліну яна адкрыла вочы, пільна паглядзела на вогнішча, як-бы жадаючы асвоіцца з ім, потым адвярнулася ў другі бок.

Гросмайстар заняў сваё месца, і калі ўсе рыцары размясціліся вакол яго і за яго спіною, гледзячы па рангах,