Старонка:Айвенго (1934).pdf/314

Гэта старонка не была вычытаная

Мальвуазен і Мон-Фітчэт, паскакаў на другі канец бегавішча і апынуўся перад Рэвекаю адначасова з герольдам.

— Ці правільна гэта і ці дапускаецца статутам паядынку? — сказаў Мальвуазен, звяртаючыся да гросмайстра.

— Так, Альберт Мальвуазен, дапускаецца, — адказаў Бомануару, — мы не павінны перашкаджаць бакам мець сувязь між сабою, каб не перашкаджаць урачыстасці праўды.

Тымчасам герольд гаварыў Рэвецы:

— Дзяўчына, шляхетны і вялебны ўладар гросмайстар загадаў запытаць, ці ёсць у цябе заступнік, які можа біцца ад твайго імя, ці ты прызнаеш сябе справядліва асуджанай на заслужаную кару?

— Скажыце гросмайстру, — адказала Рэвека, — што я настойваю на сваёй нявіннасці і не прызнаю, што заслугоўваю асуджэння. Скажыце яму, што я патрабую адтэрміноўкі, наколькі гэта дапускаецца іх законамі, і пачакаю, ці не з’явіцца мне заступнік, а калі пасля вызначанага мне тэрміну, не будзе мне абаронцы, дык рабіце са мною, што хочаце.

Герольд вярнуўся да гросмайстра і перадаў адказ Рэвекі.

— Няхай, — сказаў Лука Бомануар, — ніхто не скардзіцца на нашу несправядлівасць. Покуль вячэрнія цені не лягуць з захаду на ўсход, мы пачакаем, пагледзім, ці не з’явіцца заступнік гэтай няшчаснай жанчыны. Калі-ж сонца будзе хіліцца к заходу, няхай яна рыхтуецца да смерці.

— Герольд паведаміў Рэвецы гэтыя словы гросмайстра. Яна пакорліва кіўнула галавою. У гэту хвіліну да слыху яе дайшоў голас Буагільбера.

— Рэвека, — сказаў храмоўнік, — чуеш ты мяне?

— Мне да цябе няма справы, жорсткі чалавек, — адказала дзяўчына.

— Так, але ты разумееш, што я гавару? — прадаўжаў храмоўнік. — Садзіся да мяне за спіну, на майго Замора, чыстакроўнага каня, які яшчэ ні разу не здрадзіў свайму седаку… Хутчэй ускоч да мяне за спіну, і праз гадзіну мы будзем так далёка, што ні пагоня, ні выведкі ні да чога не прывядуць…

— Ідзі прэч! — сказала Рэвека.

Альберт Мальвуазен пад’ехаў у гэту хвіліну з мэтаю спыніць гутарку.