Старонка:Айвенго (1934).pdf/320

Гэта старонка не была вычытаная

нікога не крануўшы. Твайму сумленню давяраем зброю і гаспадарскае дабро нашага ордэна, якое пакідаем тут.

З гэтымі словамі, не чакаючы адказу, гросмайстар даў знак да ад’езду. Трубы іх заігралі ваяўнічы марш усходняга характару, які служыў звычайным сігналам да выступлення храмоўнікаў у паход. Яны перамянілі фронт і, выстраіўшыся калонаю, рушылі ўперад так ціха, як дазваляла хада іх коняй, як быццам хацелі паказаць, што выязджаюць толькі па загаду свайго гросмайстра, а ніяк не ад страху перад выстаўленымі супроць іх сіламі.

— Шкада, — сказаў кароль Рычард, — што гэтыя храмоўнікі такі ненадзейны народ, а ўжо выпраўкаю і адвагаю яны могуць пахваліцца.

У часе мітусні, звязанай з ад’ездам храмоўнікаў, Рэвека нічога не бачыла і не чула, яна была ў абдымках свайго старога бацькі, ашаломленая і амаль непрытомная ад мноства перажытых уражанняў. Але раптам ад аднаго слова, прагаворанага Ісаакам, яна схамянулася і апомнілася.

— Пойдзем, — гаварыў ён, — пойдзем, дарагая дачушка мая, скарб мой дарагі… падзякуем добрага юнака!

— Не… не! — сказала Рэвека. — О, не, не цяпер, у гэту хвіліну я не адважуся загаварыць з ім… Гора мне, я магу прагаварыцца… Не, бацька! Лепш пакінем хутчэй гэта злавеснае месца.

— Але як-жа, дзіця маё, — сказаў Ісаак, — як можна не падзякаваць мужнага байца, які, пагараджаючы сваім жыццём, адважна выступіў з кап’ём і шчытом, каб выкупіць цябе з палону? Гэта такая паслуга, за якую трэба быць удзячным.

— О, так, о, так!.. Удзячным звыш усякай меры, — сказала Рэвека, — толькі не цяпер. Дзеля твае каханае Рахілі, прашу цябе, выканай маю просьбу, не цяпер!

— Нельга-ж так, — настойваў Ісаак, — а то яны скажуць, што мы няўдзячныя!

— Але хіба ты не бачыш, дарагі мой татка, што… што тут сам Рычард?

— Праўда, праўда, мая разумніца, мая наймудрая Рэвека! Пойдзем адсюль… Хадзем хутчэй!.. Яму цяпер грошы спатрэбяцца!.. Таму што ён толькі што вярнуўся з Палестыны,