Старонка:Айвенго (1934).pdf/322

Гэта старонка не была вычытаная

Мінула два дні пасля шлюбу, і лэдзі Равена сядзела ў сваім пакоі, калі Эльгіта, яе пакаёўка, прыйшла далажыць ёй, што нейкая дзяўчына жадае яе бачыць і просіць дазволу пагаварыць з ёю без сведак. Равена здзівілася, падумала, здрыганулася… але яе цікавасць абудзілася, і яна загадала прасіць незнаёмку, а слугам загадала выйсці.

Увайшла дзяўчына высокага росту і шляхетнага выгляду. Даўгое белае пакрывала хутчэй абрысоўвала, чым хавала хараство і веліч яе постаці. Манеры яе былі пачцівыя, але без усялякай прымесі страху і падлыжнасці. Равена ўстала і хацела ўзяць госцю за руку, каб павесці яе да крэсла. Але тая яшчэ раз паглядзела на Эльгіту і паўтарыла просьбу аб дазволе пагутарыць сам-на-сам з лэдзі Равенай.

Эльгіта выйшла.

— Я тая няшчасная яўрэйка, з-за якое ваш муж рызыкаваў жыццём на паядынку на бегавішчы ў Тэмальстоу, — загаварыла незнаёмка.

— Любая дзяўчына, — сказала Равена, — у той дзень Уільфрэд Айвенго толькі ў малой меры адплаціў вам за вашы клопаты аб ім тады, калі ён быў бездапаможным. Скажыце, чым я магла-б заплаціць вам за ўсё гэга?

— Тым, — адказала Рэвека спакойна, — што перадасце яму адвітальнае выражэнне мае ўдзячнасці і найлепшых пажаданняў.

— Хіба вы выязджаеце з Англіі? — запытала здзіўленая Равена.

— Я выязджаю, мілэдзі, да канца гэтага месяца, у майго бацькі ёсць брат, які карыстаецца асаблівай прыхільнасцю Махамеда Баабділя ў Грэнадзе…[1] Туды мы і накіроўваемся, упэўненыя, што будзем жыць спакойна, заплаціўшы тую даніну, якую мусульмане заўсёды бяруць з людзей нашага племя.

— Значыцца ў Англіі вы не маеце такога спакою? — сказала Равена.

Рэвека некаторы час маўчала.

— Бывайце, — раптам загаварыла яна зноў, — але на адвітанне выканайце маю просьбу. Ваш твар завешаны фатою: дайце мне ўбачыць рысы твара, якія ўслаўлены пагалоскаю.

  1. Грэнада — правінцыя паўднёвай Іспаніі.