Старонка:Айвенго (1934).pdf/323

Гэта старонка не была вычытаная

— Яны наўрад ці такія, каб варта на іх глядзець, — сказала Равена, — але спадзяючыся, што і ты зробіш тое-ж, я адкіну фату.

Яна зняла пакрывала і пры гэтым так пачырванела, што яе шчокі, лоб, шыя і грудзі пакрыліся румянцам. Рэвека таксама ўспыхнула, але толькі на момант.

— Лэдзі, — сказала яна, — рысы, якія вы мелі ласку мне паказаць, надоўга будуць жыць у маёй памяці. Доўга, доўга буду я ўспамінаць ваш твар і рада, што пакідаю майго збавіцеля на апеку той…

Яна змоўкла, і вочы яе напоўніліся слязамі. Яна хутка выцерла іх і на трывожныя роспыты Равены адказала:

— Не, я здарова, лэдзі, зусім здарова. Я яшчэ не маю сілы спакойна ўспомніць Торкільстон і бегавішча ў Тэмпльстоу. Бывайце! Я не выканала яшчэ аднаго, найменш важнага з маіх абавязкаў. Прыміце гэту скрыначку… і не дзівіцеся таму, што знойдзеце ў ёй.

Равена адкрыла невялікую скрыначку ў срэбнай аправе і ўбачыла маністы і завушніцы з брыльянтаў, відаць, велізарнай каштоўнасці.

— Гэта немагчыма, — сказала яна, падаючы ёй назад скрыначку. — Я не магу прыняць такі буйны падарунак.

— Пакіньце яго ў сябе, лэдзі, — сказаля Рэвека. — Для вас гэты падарунак не асабліва каштоўны, а для мяне тым больш. Мне гэтыя бліскучыя каменьчыкі больш не патрэбны. Я не буду насіць каштоўнасці.

— Вы пакутуеце? — сказала Равена, здзіўленая тонам, якім Рэвека прагаварыла апошнія словы. — Заставайцеся ў нас. Я буду вам сястрою.

— Не, лэдзі, — адказала Рэвека з тым-жа спакойным сумам у мяккім голасе. — Гэта немагчыма. Ды і няшчасная я не буду. Сярод нашага народу, з часоў Аўраама і да нашых дзён, заўсёды былі жанчыны, якія афяроўвалі сябе любві да людзей, якія даглядалі хворых, кармілі галодных, дапамагалі бедным. Я буду рабіць тое-ж. Скажыце яму, калі ён запытае, што сталася з Рэвекай, якую ён выратаваў ад смерці…