Старонка:Айвенго (1934).pdf/33

Гэта старонка не была вычытаная

самыя нашы імёны хутка будуць адданы забыццю… І ніхто не пашкадуе аб гэтым, акрамя мяне, адзінокага старога!.. Краўчы, што-ж ты стаіш? Напаўняй шклянкі. За здароўе адважных у бойцы, сэр рыцар! П’ю за здароўе тых, хто адважна ваюе ў Палестыне.

— А ведаеш, дзядзечка Седрык, — умяшаўся Вамба, — калі-б Рычард Львінае Сэрца быў разумнейшым ды паслухаўся мяне, дурня, няхай-бы ён сядзеў дома са сваімі вясёлымі англічанамі, а Іерусалім пакінуў-бы вызваляць тым самым рыцарам, якія яго празявалі.

— Хіба ў англійскай арміі нікога не было, — сказала раптам лэдзі Равена, — чыё імя было-б вартым стаць побач з імёнамі рыцараў храма?

— Прабачце, — адказаў дэ-Буагільбер, — англійскі кароль сапраўды прывёў с сабою ў Палестыну натоўп адважных воінаў, якія ўступалі ў адвазе толькі тым, хто ўвесь час абараняў святую зямлю.

— Нікому яны не ўступалі! — сказаў пілігрым, які ўвесь час з прыкметным нецярпеннем услухоўваўся ў гутарку.

Усе погляды павярнуліся ў той бок, адкуль так нечакана пачуўся яго голас.

— Я сцвярджаю, — паўтарыў пілігрым цвёрдым і сільным голасам, — што англійскія рыцары не ўступалі нікому.

Хмурная ярасць адлюстравалася на пацямнеўшым твары смуглага храмоўніка. Дрыжачыя пальцы яго міжвольна хапаліся за рукаятку мяча і, напэўна, толькі таму не вымалі яго, што ён разумеў, як небяспечна зачынаць бойку ў такім месцы і пры такіх сведках. Але Седрык, дзякуючы сваёй шчырасці, нават не заўважыў гнеўнага замяшання свайго госця.

— Я-б з ахвотаю аддаў табе залаты поручань, пілігрым, — сказаў ён, — калі-б ты пералічыў мне імёны тых рыцароў, якія падтрымлівалі славу нашай Англіі.

— З радасцю назаву іх па імёнам, — адказаў пілігрым, — і ніякага падарунку мне не трэба. Я даў зарок яшчэ некаторы час не датыкацца да золата.

— Хочаш, сябра пілігрым, я за цябе буду насіць гэты поручань? — сказаў Вамба.